Культура

«Аляксандра і Канстанцін» пашыраюць склад, каб прадставіць новы альбом

04 апреля 2013, 15:26
2112
Культура EX-PRESS.BY
0
Дуэт «Аляксандра і Канстанцін» пры ўдзеле запрошаных музыкаў прадставіць ужывую свой новы альбом «M1» у межах праекту «Жывы Тузін». 

Першыя прадстаўнікі Беларусі на «Еўрабачанні» рэдка выступаюць з сольнымі канцэртамі, хоць пастаянна гастралююць па іншых краінах, удзельнічаюць у разнастайных музычных праектах і нястомна працуюць у студыі. Аляксандра Кірсанава і Канстанцін Драпеза тлумачаць, што вялікі канцэрт для іх вельмі адказная справа, якая вымагае шмат сілаў для падрыхтоўкі. А таму – мусіць быць важкая нагода для яго. Такая, як напрыклад 1 мая, калі ў межах праекту «Жывы Тузін» адбудзецца клубная прэм’ера іх новага альбому «М1». «Праца над новымі творамі вялася некалькі год і за гэты час атмасфера між намі і нашымі песнямі наэлектрызавалася да вышэйшай кропкі. Так што прыспеў час падзяліцца сваімі самымі актуальным музычнымі думкамі і публічна выканаць праграму на мяжы гэтага накалу», - кажа Аляксандра. 1 мая ў Loft cafe дуэт выступіць у пашыраным складзе. Да яго далучацца сапраўдныя майстры сваёй справы – бубнач Аляксандр Старажук, які граў у гуртах «Палац» і «Ляпіс Трубяцкой», басіст Вячаслаў Сяргеенка (WZ-orkiestra, Tanin Jazz, «У нескладовае») і джазавы піяніст Дзмітры Хаменка.

Госцем вечара будзе каманда «БарЖоМі», якая грае меладычную інструментальную музыку, насычаную дыалогамі скрыпкі і гітары. У назве праекту зашыфраваны тры гарады, з якіх паходзяць удзельнікі – Барысаў, Жодзіна і Мінск. Выступ гэтай фармацыі на чале з гітарыстам-віртуозам Аляксандрам Атчанашанкам таксама можна лічыць унікальным, бо «БарЖоМі» лічыцца студыйным праектам і на сцэне паказваецца вельмі рэдка. 

Весьці канцэрт «Жывы Тузін» па традыцыі будзе Алег Хаменка. Не абыйдзецца справа без падарункаў ад сяброў «Тузіна Гітоў» — кампаніі «Будзьма беларусамі».

1 мая (серада). 19.00. Loft cafе (вул.П.Броўкі, 22).

«Аляксандра і Канстанцін». Клубная прэм’ера новага альбому «М1» + лепшыя песні

Пры ўдзеле Алега Хаменкі, Аляксандра Атчанашанкі і гурта «БарЖоМі», Аляксандра Старажука, Дзмітрыя Хаменкі, Вячаслава Сяргеенкі.  

Кошт: 80 000 руб. Квіток на дзве асобы – танней! 

Квіткі можна набыць у касах KVITKI.BY і непасрэдна ў клубе перад канцэртам.



Обсудить в чате
Темы: культура
Если вы заметили ошибку в тексте новости, пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter

Конвертер