Культура

«Расія вырашыла, што з намі разбірацца час яшчэ не прыйшоў»

20 ноября 2014, 11:52
927
Культура Салiдарнасць
0
Пісьменнік і мастак Адам Глобус расказаў «Салідарнасці», як ацэньвае падзеі ва Украіне, чаму яго расчароўвае пазіцыя Захаду і які самы страшны вораг для Беларусі.

– Як вы ставіцеся да таго, што адбываецца на паўднёвым усходзе Украіны?

– Па-першае, гэта не на паўднёвым усходзе адбываецца. Ідзе вайна паміж Расіяй і Украінай. Расія –  відавочны агрэсар, які напаў і ўжо захапіў частку дзяржаўнай тэрыторыі Украіны, і працягвае імперыялістычную вайну.

Па-другое, мяне, як грамадзяніна і чалавека, расчароўвае пазіцыя краін, якія пры вывадзе ядзернай зброі гарантавалі Украіне і Беларусі, што наша дзяржаўнасць будзе абароненая. Мы аддалі зброю пад гарантыі. І я хацеў бы, каб гэтыя гарантыі выконваліся. Лічу, што зараз заходні свет паводзіць сябе адносна Украіны некарэктна і, можна сказаць, па-здрадніцку.

Разам з тым я спадзяюся, што санкцыі будуць раскручвацца, і раней ці пазней заходні цывілізаваны свет зробіць моцны крок. Расія паводзіць сябе як варвар – агрэсіўна, неразумна і безперспектыўна. Расіі хочацца правакацыі, каб вялікія сілы ўступілі ў дзеянне. Але калі гэтыя сілы ўступяць, то, думаю, для Расіі ўсё скончыцца сумна.

– Вы разумееце логіку дзеянняў Крамля?    

– Яны хочуць павялічыць сваю імперыю. Кошт для іх не мае значэння. Людзі бачаць, што агрэсіўныя дзеянні ім эканамічна нявыгадны, але Крэмль вывеў сваю формулу, у якой грошы не маюць значэння. Яны лічаць, што з’яўляюцца богавыбраным народам. І маюць права зневажаць і таптаць іншыя дзяржавы і нацыі, не ўлічваць інтарэсы людзей з іншымі веравызнаннямі. Я, мусіць, адзін з першых, хто падняў тэму ўзнікнення новага рускага нацызму.

Гэта людзі, якія выхаваліся на падручніках, дзе сказана, што вайна – гэта слава, што забіваць – гэта добра, што герой – гэта той, хто больш забіў.

Наогул чалавецтва знаходзіцца яшчэ ў малаадукаваным стане. У падручніках больш напісана пра тых, хто руйнаваў, а не будаваў. За ўсю гісторыю каталіцкай царквы, напрыклад, ёсць толькі адзін святы сярод архітэктараў – Гаўдзі. За ўсю гісторыю! А колькі сярод святых забойцаў!

А што ў рускіх? Цар – п’яніца, растрэльваў свой народ і ўцягнуў яго ў Першую сусветную бойню, – раптам становіцца святым! Добра, што хоць Андрэй Рублёў ёсць у іх сярод святых. Але хочацца, каб такіх, як Рублёў і Гаўдзі, у падручніках па гісторыі было больш. Тады людзі, якія прыйдуць да ўлады, будуць думаць, як зрабіць для чалавецтва нешта добрае.

– Чым патлумачыце нерацыянальную нянавісць Расіі да Захаду? Чаму ў любой сітуацыі яны шукаюць руку ЗША?

– Не памятаю, хто сфармуляваў: у Расіі ворагі жывуць па перыметры. Усе тыя, хто мяжуе з ёю, для Расіі з’яўляюцца патэнцыйнымі ворагамі. Перыядычна яны мяняюцца. Чамусці забываюць, што Расія мяжуе з ЗША. Мы таксама знаходзімся на беразе мора Расійскай імперыі, і гэта вельмі сумна. Зараз яны абвяшчаюць ворагамі ўкраінцаў і палякаў, але ці не абвесцяць заўтра імі эстонцаў і беларусаў? Цалкам можа здарыцца, як гэта было з Грузіяй.

Думаю, не за гарамі і абвяшчэнне Кітая ў якасці асноўнага ворага. Я перажываў вайну з Кітаем, пра якую ўсе забыліся. Гэта была даволі страшная з’ява. Калі Кітай захапіў востраў Даманскі, усё савецкае грамадства было напружана, чакалі вайны, усе ведалі пра азіяцкую жорсткасць. Кітайскія кніжкі былі выкінуты з бібліятэк і спаленыя. Увесь Мао і нават бяскрыўдныя кулінарныя кнігі.

– Калі вы апошні раз адпачывалі ў Крыме? І ці паедзеце туды, калі сітуацыя ня зменіцца? 

– Пасля атрымання Беларуссю незалежнасці, я падумаў, што павінен абавязкова з’ездзіць ў Дом творчасці ў Кактэбелі, наведаць месцы, звязаныя з паэтам Максіміліянам Валошыным. Паехаў з сям’ёй і пракляў усіх, хто параіў мне там пабываць. Увесь час там ездзілі вайсковыя машыны без апазнавальных знакаў.

Я зразумеў, што Крым – гэта нічыйная тэрыторыя. У мяне з’явілася адчуванне праклятасці гэтай зямлі, на якой выразаўся і дэпартаваўся карэнны народ. Увесь час там былі нейкія прыхадні. І нават таленту такіх паэтаў як Валошын не хапае, каб там нешта прывілася.

У Крыме я быў два разы і больш, спадзяюся, туды не траплю і нікому гэтага не раю.

Ёсць такі італьянскі пісьменнік Буццаці, які напісаў раман «Пустыня Тартары».

Гэта твор пра абстрактную вайсковую крэпасць, якая чакае нападу абстрактных ворагаў. Ёсць такія месцы ў свеце, дзе людзі заўсёды чакаюць вайны. Вось такое адчуванне ў мяне было ў Крыме. Мусіць, пакуль туды не вернуцца ўсе крымскія татары і людзі не папросяць у іх прабачэння, то нічога там па-чалавечы не будзе. На сёння гэта тэрыторыя, якая чакае чарговай вайны.

– Якія пачуцці ў вас узнікаюць, калі бачыце георгіеўскія стужачкі на беларускіх машынах? 

– Адкажу так: сучасная вайна страшная тым, што ваююць людзі без якой-кольвек маркіроўкі. Вось гэтыя два казлы, якія занеслі ў наша метро бомбу, – яны ж былі без стужачак. Пры наяўнасці стужачкі чалавек яшчэ дэманструе сваю прыналежнасць, яшчэ спадзяецца, што яго пачуюць.

Таму я даволі спакойна стаўлюся да тых, хто выказваецца з дапамогай сімвалаў.

На кожную георгіеўскую лентачку знойдзецца жоўта-блакітная ці наша бел-чырвона-белая. Барацьба стужачак – гэта нешта з мінулага стагоддзя ці з рыцарства.

– Для Беларусі вы бачыце пагрозу ў дзеяннях Расіі?

– Безумоўна. Беларусь паводзіць сябе інакш, чым Украіна: Расія і прарасійскія сілы праводзяць тут русіфікацыю і эканамічны захоп. Тое, што кіраўніцтва Беларусі яшчэ не абрынула нас у вайну, гэта, хутчэй за ўсё, не яго заслуга. Гэта Расія вырашыла, што яшчэ не прыйшоў час з намі разбірацца.

– У чым выхад для Беларусі?

– Мы павінны дзейнічаць адпаведна сітуацыі. Рабіць прагнозаў на хачу. Трэба быць гатовымі да самых вялікіх катаклізмаў. Варта перачытаць «Тутэйшых» Янкі Купалы, дзе апісваюцца змены ўлады – то немцы прыходзілі, то саветы, то палякі. Трэба пракручваць гэтую сітуацыю і ведаць, што самы страшны вораг, які тады арыштаваў нашага Мікіту Зноска, быў з Усходу.
Подпишитесь на канал EX-PRESS.BY в Telegram и будьте в курсе самых актуальных событий Борисова, Жодино, страны и мира.
Добро пожаловать в реальность!
Если вы заметили ошибку в тексте новости, пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter
ПОСЛЕДНИЕ НОВОСТИ
Политика
Дракохруст: Помощь Путина «брату по оружию», соратнику по борьбе с революционной «заразой», может стать и щедрее
Политика
Класковский: Теперь Кремль теряет моральное право добиваться от Лукашенко конституционной реформы
Общество
Карбалевич: Почему власти испугались коллективных жалоб
Спорт
Минское «Динамо» впервые с 2014 года обыграло дома «Северсталь»
В мире
Немецкое издание предложило провести ЧМ-2021 в подземном стадионе Путина из расследования Навального
В мире
«Россия оказалась младшим братом Беларуси»
Общество
«Два раза выстрелил в воздух, третий раз — себе в шею». На БелАЭС погиб солдат-срочник
Спорт
Борисовская «Березина» возглавила турнирную таблицу чемпионата Минской области по мини-футболу
Спорт
«Борисов»-БГУФК обыграл могилёвский «Коммунальник» в чемпионате Беларуси по волейболу
В мире
Израиль решил «запечатать страну» на неделю из-за коронавируса
ВСЕ НОВОСТИ