Новости Борисова

«Законнае» знішчэнне помнікаў. Зембінскі касцёл у небяспецы

01 июня 2011, 19:10
1561
Новости Борисова EX-PRESS.BY
0

На жаль, апошнім часам праблемы аховы гісторыка-культурнай спадчыны, нягледзячы на ўсё большы грамадскі рэзананс, на грамадска-дзяржаўны дыялог у гэтай сферы, не знаходзяць вырашэння, хоць вырашэнне простае – дасканалае выкананне заканадаўства аб ахове помнікаў гісторыі і культуры на ўсіх узроўнях, зверху да нізу, злева і направа.

 Але права правам, тэорыя тэорыяй, а практыка, рэчаіснасць, мякка кажучы засмучае. Калі Міністэрства культуры санкцыянуе знішчэнне помніка, а за прыкладам далёка хадзіць не трэба, бо зусім нядаўна, троху больш чым два месяцы таму з дазволу Мінкульта і па ўзгадненні з навукова-метадычнай рады зруйнаваны карпусы першай мінскай электрастанцыі. На фрагментах, якія цудам засталіся,  амаль ужо скончаны натурныя даследаванні, і яны хутка знікнуць, каб вольна мог шчыраваць “Эліт-Эстэйт” – забудоўшчык тэрыторыі.

Міністэрства культуры – орган дзяржаўнага кіравання, які абавязаны кантраляваць выкананне Закона “Аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь”, у тым лiку сачыць за ўтрыманнем i выкарыстаннем гiсторыка-культурных каштоўнасцей, дае па-за межамі Закона дазволы на неадпаведныя заканадаўству працы на гісторыка-культурных каштоўнасцях,  на знішчэнне спадчыны.  А прыклад заразны. Следам і мясцовыя выканкамы пачынаюць праяўляць імпэт у гэтай справе.

Так вось і Барысаўскі райвыканкам. На падведамственай яму тэрыторыі знаходзіцца ўнікальны помнік, апошні помнік эпохі барока ў Беларусі – былы дамініканскі касцёл у в. Зембін. Будынак у складаным стане – адсутнічае дах, зруйнаваны скляпенчатыя перакрыцці.  Яшчэ амаль 10 год таму стан яго не быў такім крытычным. Хто вінаваты ў яго рабурэнні? Акрамя органаў выканаўчый і распарадчай улады – ніхто. Бо менавіта іх бяздзейнасць, невыкананне элементарных нормаў заканадаўства прывялі да заняпаду ўнікальнай гістарычнай пабудовы.

А зараз Барысаўскі выканкам хоча ўвасобіць прынцып – няма помніка, няма праблемы. Праведзена быццам бы абследаванне стану помніка асобамі, якія не мелі на гэта аніякіх прававых падстаў, аніякай кваліфікацы,  і вынік гатовы. Проста геніяльнае рашэнне знойдзена. Звярнуцца ў Мінкульт аб пазбаўленні касцёла статуса помніка і яго далейшым дэмантажы, а дакладней знішчэнні.

Пры гэтым толькі факт правядзення прац па абследаванню канструкцый касцёла парушае арт. 37 Закона “Аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь” ад 09 студзеня 2006 г., які гаворыць, што работы, ў тым ліку і даследчыя, на гісторыка-культурнай каштоўнасці павінны выконвацца толькі з пісьмовага дазволу Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, а праводзіць натурныя і архіўна-бібліяграфічныя даследаванні павінны  асобы, недзеленыя правам на выкананне вышэйназваных прац, як прадугледжана арт. 40 Закона “Аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь”.

Беларускае добраахвотнае таварыства аховы помнікаў гістоыі і культуры адсочвае сітуацыю і прадпрымае захады для прадухілення чарговага гвалту над нашай спадчынай. Але мы лічым неабходным, каб краіна ведала сваіх “герояў”. Таму паведамляем, што касцёл даследавалі і рэкамендавалі пазбавіць яго статуса помніка і ў далейшым зруйнаваць галоўны інжынер КУП “Інстытут “Барысаўпраект” Місіюк А.І., галоўны архітэктар Барысаўскага раёна Самцэвіч С.І., дырэктар ІСКУП “УКБ-Барысаў”) Бусел А.В. А акт так званага абследавання зацвярджаў старшыня Барысаўскага райвыканкама У.Мірановіч.

Дарэчы, заклікаем усіх нераўнадушных проста пацікавіцца прычынамі такога стаўлення да помнікаў на Барысаўшчыне. Гэта можна зрабіць накіраваўшы пісьмовы зварот па адарсу: 222120, г. Барысаў,  вул. Чапаева 6, ці затэлефанаваўшы ў аддзел культуры па тэл. 8-0177-73-44-16 (загадчыца Ленкіна Ала Георгіеўна). 
 

Антон Астаповіч
 

Беларускае добраахвотнае таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры

 

Обсудить в чате
Если вы заметили ошибку в тексте новости, пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter

Конвертер