
Учора, 23 жніўня, у Полацку адбылася прэзентацыя дакументальнага фільма «Выбар Барыса Хамайды», які зрабілі журналісты з Віцебску і Барысава Алена Сцяпанава і Аляксандр Зянкоў.
Дакументальная відэастужка распавядае пра гісторыю газеты, якую Хамайда зарэгістраваў за ўласныя грошы, заробленыя цяжкай фізічнай працай у Сібіры.
Гледачы бачаць героя фільма на вуліцах і ў парках восеньскага Віцебску. І адначасова чуюць закадравы маналог галоўнага героя пра любоў да роднага горада, пра ягонае няпростае мінулае і лепшую будучыню, у якую Барыс Хамайда непахісна верыць.
А таксама пра тое, што газетная справа дасталася Барыса Хананавічу ў спадчыну: ягоны бацька, калі быў падлеткам, распаўсюджваў газету «Витебский пролетарий», а ў сталым узросце пісаў туды артыкулы… Пра газету «Выбар», зарэгістраваную на піку грамадзянскай актыўнасці ў 1990-я, і афіцыйна зачыненую пасля таго, як гарвыканкам не перарэгістраваў заснавальніка газеты – грамадскае аб’яднанне клуб «За дэмакратычныя выбары». Пра тое, як Барыс Хамайда прыкаваў сябе ланцугом да батарэі, калі рэдакцыю гвалтам высялялі з памяшкання, пра тое, як некалькі гадоў газета «Выбар» выходзіла ў падпольных умовах. Пра тое, як няпроста заставацца носьбітам вольнага слова ў далёка немаладым узросце - пра нялёгкі і нават небяспечны занятак выдаўца і распаўсюдніка незалежнай прэсы. І пра права на выбар – самы галоўны атрыбут свабоды.
Фільм быў прыязна сустрэты журналістамі з Віцебску, Полацку, Глыбокага і Барысава, якія прысутнічалі на прэзентацыі стужкі і выказалі словы падзякі аўтарам.
Подпишитесь на
канал ex-press.by
в Telegram и будьте в курсе самых актуальных событий Борисова, Жодино, страны и мира.
Добро пожаловать в реальность!
Добро пожаловать в реальность!
Если вы заметили ошибку в тексте новости, пожалуйста, выделите её и нажмите
Ctrl+Enter