Новости Борисова

Барысаўскі пісьменнік Кірыл Стаселька распавёў, як стаць персанажам яго кнігі

Пра досвед прамоцыі рамана “Marginalis” распавядае аўтар.

09 марта 2018, 21:09
2828
Новости Борисова EX-PRESS.BY
0

На сайце  EX-PRESS.BY пэўны час таму было размешчана інтэрв'ю з маладым беларускім пісьменнікам Кірылам Стаселькам, які нарадзіўся і скончыў школу ў Барысаве. Тады з друку выйшла ягоная другая кніга прозы раман “Marginalis”.

Сёння зноў з’явілася нагода пагутарыць з Кірылам — у родным горадзе нарэшце адбудзецца прэзентацыя “Marginalis”. Галоўная тэма гутаркі: як прыгожае пісьменства зрабіць удалым камерцыйным праектам.

— Як вы бачаце сёняшнію сітуацыю з літаратурай ў Беларусі?

— Па майму меркаванню, сітуацыя крыху паляпшаецца ў параўнанні з мінулымі гадамі, прынамсі з пачаткам 2000-х. Паступова змяняецца агульнае стаўленне да беларускай мовы і культуры, і гэтыя працэсы ўзаемазвязаныя. Дзякуючы намаганням пэўных культурніцкіх ініцыятываў, беларуская мова і сімволіка становіцца ў нейкіх колах чымсьці модным. Гэта так ці інакш закранае і літаратуру.

Але калі казаць менавіта пра літаратуру, ёсць шэраг абставінаў, якія перашкаджаюць яе развіццю. Есць суб’ектыўныя фактары, гэта тое, што выдавецтвы не зусім актыўна займаюцца прасоўваннем сваёй прадукцыі і сваіх аўтараў. Кніжкі ў асноўным друкуюцца за ўласны кошт аўтараў ці за кошт нейкіх грантаў. Таму выданне беларускіх пісьменнікаў гэта звычайна не камерцыйны праект.

Не ўсе аўтары хочуць самі сябе прасоўваць, плюс ёсць некія эканамічныя перашкоды. Бо кніжка, якая выдадзена ў Расеі ў цвёрдай вокладцы будзе значна танней каштаваць за беларускую ў мяккай вокладцы. Уплывае на сабекошт розніца ў падатках, кошт паперы і гэтак далей. Зараз сярэдні наклад такой беларускамоўнай мастацкай літаратуры 300-500 асобнікаў. Калі наклад 1000, можна казаць пра суперпапулярнасць.

Калі кніга не прыносіць прыбытак выдавецтву, яно не мае сродкаў рабіць рэкламную кампанію. Атрымліваецца замкнёнае кола. У рэшце  чытачы не ведаюць пра наяўнасць добрых кніг, таму што няма інфармацыі, а інфармацыі няма, таму што наклады маленькія, а кнігі дарагія і мала пакупнікоў.

— Што варта зрабіць, каб больш беларусаў чытала кнігі сучасных аўтараў?

— На мой погляд, трэба змяніць існуючае сакральнае стаўленне да літаратуры, як да нейкага высакароднага занятку, які не залежыць ад грошай. Насамрэч літаратурны прадукт гэта таксама і камерцыйны прадукт, які купляецца і прадаецца, і таму да яго павінен быць адпаведны падыход.

Іншымі словамі, прыгожае пісьменства гэта таксама і рынкавы прадукт. Таму калі толькі казаць, што ўсё дрэнна, нічога не купляюць і па-беларуску не размаўляюць, то нічога з месца не зрушыцца. Але калі падыходзіць да літаратуры з боку сучасных трэндаў моды, рынкавых тэхналогій і гэтак далей, каб людзі захацелі гэта купляць, таму што гэта падабаецца, сітуацыя зменіцца. Але, здаецца, у Беларусі пакуль што не гатовы падыходзіць да літаратуры, як да рынкавага прадукту.

Мне здаецца, што  трэба выходзіць з нашага літаратурнага гета, дзе ўсе адзін аднаго ведаюць: чытачы ўсіх аўтараў, а аўтары ўсіх сваіх чытачоў. Трэба выходзіць на людзей, якія можа ніколі ў жыцці не размаўлялі па-беларуску, але якіх можа зацікавіць  беларуская літаратура. 

— Што важна — сапраўды добры тэкст, добрая кніга або добрая інфармацыйная кампанія?

— Які бы добры тэкст ня быў, а ў Беларусі, лічу, шмат такіх тэкстаў, без інфармацыйнай працы спадзявацца на добрыя продажы нельга. Сёння, калі ў Беларусі няма шырокай аўдыторыі чытачоў беларускамоўных кніг, неабходны тытанічныя высілкі, каб зрабіць хаця б мінімальную прамоцыю. 

Нават калі ўзяць аўтараў, якія лічацца ў Беларусі самымі топавымі, то яны вядомы ў досыць вузкіх колах. У гэтых аўтараў сапраўды большая аўдыторыя, але ўсё ўпіраецца ў тое, як прадаваць і як рабіць прамоцыю.

Ці можа добрая рэклама прадаць дрэнны тэкст? З аднаго боку, у заходніх краінах такія прыклады ёсць. Але такі поспех не будзе трывалым. Калі аўтар клапаціцца пра свой імідж і рэпутацыю, не трэба рабіць асноўны акцэнт на прамоцыю.

— З мінулай нашай размовы прайшло больш за год. Што з таго часу змянілася, як выглядае сітуацыя з вашымі кнігамі?

— У маім выпадку, як у аўтара пачаткоўца, сітуацыя досыць добрая. З таго часу, як выйшла мая другая кніга “Marginalis”, прайшло паўтары гады. За гэты час наклад у 500 асобнікаў прадаўся. І гэта, лічу, файны паказчык. А некалькі дзён таму выдавецтва зрабіла другі наклад, таксама ў 500 асобнікаў.  Дарэчы, кніга добра прадаецца на такой інтэрнет-пляцоўцы, як oz.by. На першы погляд, гэта дзіўна, бо там крыху іншая аўдыторыя, якую павінны былі б цікавіць іншыя кнігі.  Мяркую, што мае намаганні па забеспячэнню інфармацыйнай падтрымкі выдання не былі марнымі і спрыялі пашырэнню патэнцыйнага кола чытачоў. Бо ведаю, здараецца, і кнігі сталых аўтараў не распрадаюцца на працягу некалькі гадоў.

— Якім чынам вы шукаеце новага чытача?

— У прыватнасці я спрабую выкарыстоўваць пазалітаратурную прамоцыю, якая не звязана непасрэдна з тэкстамі рэцэнзій, водгукаў, аглядаў. Усё гэта таксама было. Але было і нешта іншае. Напрыклад, засяроджванне ўвагі на рэкордзе — найбольшай канцэнтрацыі герояў аднаго рамана ў “Marginalis”. 

Яшчэ адно кропкай інфармацыйнай увагі было абвяшчэнне конкурсу сярод чытачоў: знайсці сярод мноства герояў кнігі галоўнага. Я абяцаў таму, хто здагадаецца, назваць ягоным прозвішчам персанажа наступнай кнігі. Гэта давала чытачу магчымасць  пагуляцца з тэкстам, прайсці своеасаблівы літаратурны квэст, бо на самой справе структура кнігі дэцэнтралізаваная і галоўнага героя там па сутнасці няма.

Што яшчэ? Нядаўна выйшла серыя стыкераў па матывах “Marginalis” у мэсанджары Telegram. Гэтыя стыкеры маюць універсальны характар, і імі могуць карыстацца і тыя, хто не чытаў кнігу. Але гэта адначасова і рэклама кнігі. Магчыма, некаму гэты стыкер спадабаецца і чалавек захоча даведацца і пра “Marginalis”. Паколькі я займаюся, апрача літаратуры, яшчэ і кампутарным дызайнам, рабіў гэту працу сам. І вось за адзін месяц гэтыя стыкеры спампавала некалькі соцен чалавек ужо. Гэта, на мой погляд, таксама добры паказчык.

— Ці плануецца ўсё ж прэзентацыя вашай кнігі ў родным горадзе? Калі так, то дзе і калі?

— У маім родным горадзе Барысаве прэзентацыя рамана “Marginalis” адбудзецца 14 сакавіка ў межах курсаў “Мова Нанова”, якія праходзяць у “Ірландзкім пабе”.  Пачатак у 19 гадзін.

Автор: Павел Магілін.
Обсудить в чате
Если вы заметили ошибку в тексте новости, пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter

Конвертер