Новости Борисова

У Барысаве адбылася прэзентацыя рамана Кірыла Стаселькі «Marginalis»

Сюжэт рамана ахоплівае каля 400 гадоў, шмат лакацый, больш за 10 краін і гарадоў, каля 130 персанажаў

18 марта 2018, 15:04
1511
Новости Борисова EX-PRESS.BY
0

У сераду, 14 сакавіка, у Ірландскім пабе ў межах курсаў «Мова Нанова» Кірыл Стаселька прэзентаваў у родным горадзе свой раман «Marginalis».

Аўтар распавёў пра дзве свае кнігі. «Дзіцячы Маніфест» — гэта зборнік апавяданняў і адна аповесць. Тэксты, якія ўвайшлі ў кнігу, публікаваліся ў розны час у літаратурна-мастацкіх часопісах. Спачатку пісьменнік не задумваў рабіць кнігу, але потым сабраліся тэксты, і адпаведна выйшаў зборнік.

«Marginalis» — суцэльны тэкст, раман, які выйшаў у 2016 годзе. Кірыл кажа, што хацеў пакінуць Барысаў на салодкае, таму прэзентацыі спачатку адбыліся ў Мінску і іншых гарадах краіны, а таксама ў Вільнюсе, Варшаве i Будапешце.

— Пакуль сабраўся даехаць да Барысава, першы наклад распрадалі, ён скончыўся, мне прыйшлося 2 гады чакаць, пакуль выйшаў другі наклад. Вось у гэтую суботу забралі з друкарні, прызнаўся пісьменнік.

«Палі часам могуць быць нават важней самой кнігі»

— Калі мы чытаем кнігу, для нас самае галоўнае — гэта тэкст, але ў канцэпцыі, якую я выкарыстаў, увага надаецца палям, якія часам могуць быць нават важней самой кнігі. Маргіналіі — гэта малюнкі і запісы на палях кніг, рукапісаў, лістоў, якія змяшчаюць каментары, тлумачэннi, меркаванні. Гэтая канцэпцыя пакладзена ў раман і на ўзроўні структуры, і на іншых узроўнях. У адрозненне ад класічнай канструкцыі тут няма галоўнага часу дзеяння, месца дзеяння і галоўнага героя. Сюжэт ахоплівае каля 400 гадоў, шмат лакацый, больш за 10 краін і гарадоў, каля 130 персанажаў, — кажа Кірыл Стаселька.

Кірыл распавёў, што галоўнае не сама кніга, а тое, што адбываецца з уладальнікамі гэтай кнігі і вакол яе. У рамане ёсць канкрэтныя сюжэтныя лініі, ідэі, кропкі, але аўтар робіць спробу выцягнуць чытача за палі. У рамане ёсць і выдуманыя героі, а ёсць і сапраўдныя прататыпы або рэальныя падзеі.

Пісьменнік робіць спробу змыць мяжу паміж мастацкай выдумкай і праўдай. Цяжка зразумець, што прыдумана, а што рэальна было. Гэта дае магчымасць выцягнуць чытача да іншых тэкстаў:

— Чытаючы любую кнігу, вы можаце адправіцца ў бясконцае падарожжа, на старонках вам будуць сустракацца розныя асобы, падзеі, канцэпцыі. У выніку атрымліваецца — каб разабрацца з адным, трэба разабрацца з усім. Знаходзіць алюзіі і дасылкі, захапляцца гэтым.

Кірыл Стаселька звярнуўся да залы з пытаннем, якія функцыі могуць быць у літаратуры і аўтара мастацкага тэксту. Ад слухачоў прагучалі розныя адказы: «каб падкінуць ежу для разважанняў», аўтар хоча «самарэалізавацца», хтосьці адказаў, што чытае для адпачынку, хтосьці лічыць, што аўтар даносіць канкрэтную думку. Адзін малады чалавек сказаў, што «аўтар імкнецца перадаць свае думкі і жыццёвыя ідэі, проста расказвае пра штосьцi».
Выступоўца пагадзіўся з гэтай версіяй і дадаў:

— Я намагаюся не даносіць нейкую думку і не казаць, што вось гэта правільна, а гэта — не. Культурны тэкст добры тады, калі ён усё гэта не даносіць, а з'яўляецца люстэркам. Па сутнасці, аўтар — гэта майстар, які стварае люстэрка. У залежнасці ад таго, хто падыйдзе да люстэрка, то тое і ўбачыць. Тэкст — гэта каталізатар сэнсу. Калі вы чытаеце, вы сустракаецеся не з аўтарам і з тым, што ён думае, а сам-насам, каб здабыць нешта новае, а нейкія рэчы прапусціць.

Пісьменнік упэўнены, што для чытача гэта больш карысна, так як розны чытач можа знайсці ў тэксце розныя рэчы і розны сэнс. Чым лепш тэкст, тым верагодней магчымы гэты працэс.

«Сёння гісторыя так інтэрпрэтуецца, а заўтра інакш. Дарэчы, Барысаў у рамане таксама ёсць»

На пытанне, чаму вы напісалі гэты раман, Кірыл адказаў так:

— У мяне было два пытанні. Першае маштабнае: як пішацца і ствараецца гісторыя. Гісторыю пішуць пераможцы? Гісторыя — гэта дакументы або проста ўсё, што было. Атрымліваецца, што гісторыя не вельмі канкрэтная рэч. Кожны па-рознаму яе інтэрпрэтуе, тут жа можна задаць і пытанне каштоўнасці. Вось хто вызначае, што і хто з'яўляецца вялікімі і значнымі асобамі ці падзеямі. Сёння гісторыя так інтэрпрэтуецца, а заўтра інакш. Дарэчы, Барысаў у рамане таксама ёсць. Ён мяне таксама падштурхнуў да напісання.

Пісьменнік распавёў, што ў 60-х гадах у Італіі з'явілася канцэпцыя мікрагісторый. Карла Гінзбург вывучаў жыццё не Напалеона і не Сталіна, а звычайных людзей з мэтай вывучэння паўсядзённага жыцця і ментальнасці «маленькага чалавека», якi традыцыйна губляецца ў гісторыі.

«Сапраўдныя і адкрытыя гісторыі людзей побач з намі»

— Вось вы можаце назваць усіх вялікіх кіраўнікоў Месапатаміі або ведаеце прэзідэнта Балгарыі?.. Хадзем бліжэй, Святлана Алексіевіч. Здавалася б, маладыя людзі больш мабільныя і актыўныя, павінны сачыць за навінамі і павінны быць у курсе, хто гэта. Узгадайце апытанку Ганны Бонд, якая задавала пытанне студэнтам гуманітарных факультэтаў. Трэба было адказаць, хто такая Святлана Алексіевіч і хто атрымаў Нобелеўскую прэмію. На жаль, вельмі шмат людзей не ведалі гэтую пісьменніцу, хто яна і за што атрымала Нобелеўскую прэмію. Для кагосьці Святлана Алексіевіч геній, а твой сусед, напрыклад, наогул пра яе нічога не ведае, — кажа Кірыл.

— Глядзіце, вось Стыў Джобс зусім нядаўна памёр. Асоба вельмі спрэчная і папулярная. Пра яго напісана вельмі шмат кніг. Пішуць людзі, якія нават не ведалі яго. Зараз цяжка знайсці таго, хто яго сапраўды ведаў і быў побач. Але я лічу, што не абавязкова чытаць стосы кніг Стыва Джобса, бо сапраўдныя і адкрытыя гісторыі людзей побач з намі. У іх можа быць цікавая біяграфія або дзеянні, напрыклад, не тыповыя для грамадства. Гісторыя гэтых людзей можа быць цікавай, праз іх можна ўбачыць і сябе. Мы нярэдка спрабуем бачыць сябе такімі, якімі нас лічаць іншыя людзі.

— Вы пішаце толькі на роднай мове?

— У прынцыпе ў Беларусі больш лагічна пісаць на беларускай мове. Калі пісаць на рускай мове, то гэта як быццам ты жывеш не ў кватэры, а недзе ў пад'ездзе сядзіш.

— Каго вы можаце адзначыць з сучасных пісьменнікаў?

— Цяжка сказаць, бо я чытаю розную літаратуру. Мне вельмі падабаецца Уладзімір Арлоў. Ён і гісторык, і пісьменнік, і палітык, і дзяржаўны дзеяч. Вось Сартр таксама і пісьменнік, і філосаф, і дзяржаўны дзеяч. Такімі асобамі можна ганарыцца.

Пра конкурс

Кірыл Стаселька запрашае паўдзельнічаць у конкурсе сярод чытачоў: знайсці сярод мноства герояў кнігі «Marginalis» галоўнага. Аўтар абяцаў таму, хто здагадаецца, назваць ягоным прозвішчам персанажа наступнай кнігі. Яшчэ ёсць час, таму чытайце раман, калі яшчэ не прачыталі, і дасылайце сваё меркаванне.

Автор: Ганна Алмазава. Фота Паўла Сляпухiна.
Обсудить в чате
Если вы заметили ошибку в тексте новости, пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter

Конвертер