Новости Борисова

«Калі пачынаўся летні сезон, яму трэба было расфарбаваць прыбіральні, напісаць М і Ж»

Пра незнаёмыя старонкi жыцця выбітнага нашага земляка Міколы Рыжага чытайце ў матэрыяле EX-PRESS.BY.

13 апреля 2018, 11:44
2347
Новости Борисова EX-PRESS.BY
0

Мікола Рыжы, унікальная праграмма адраджэння мастацтва Беларусі, у якую ён трапіў, усеагульны пратэст у школе, маральныя прынцыпы, з якімі жыў мастак, шматграннасць і беларуская мова таленавітага барысаўчаніна. Пра гэта і не толькі чытайце ў матэрыяле EX-PRESS.BY.

Пра выбітнага нашага земляка Міколу Рыжага слухачы пачулі ў межах заняткаў «Мова нанова». Барысаўчане ўбачылі на ўласныя вочы глыбіню яго талента, шматграннасць, а таксама даведаліся, якім чалавекам быў майстар.

Барысаўскі настаўнік і журналіст Іван Белы падрыхтаваў добрую прэзентацыю прац мастака, а сын, Мікола Рыжы, падзяліўся ўспамінамі пра бацьку.

Як маленькі хлопчык трапіў у вялікае мастацтва

Ёсць на Барысаўшчыне вёсачка з цікавай назвай Уцеха, зараз там засталося ўсяго некалькі хат.  У гэтым куточку і нарадзіўся Мікола Рыжы. У школу пайшоў у суседнюю вёску Сялец, правучыўся там 4 гады.

«У той час школа-інтэрнат імя Івана Ахрэмчыка (зараз Гімназія-каледж мастацтваў імя І. В. Ахрэмчыка, — заўвага рэд.) рабіла праграму адраджэння беларускага мастацтва, настаўнікі ездзілі па ўсіх вёсках Беларуси і шукалі дзяцей, у якіх ёсць талент, – кажа сын мастака Мікалай.Тата з самага малога ўзросту праявіў сябе, брат Лёня таксама. Так забралі іх вучыцца, маці аддала, хаця не хацела. Мой бацька, калі вучыўся, прыязджаў на радзіму толькі два разы ў год: у сярэдзіне лета, і ў сярадзіне зімы. Дабірацца было цяжка ў той час. З Менску трэба было ехаць да Барысава на электрычцы, потым з Барысава на аўтобусе да вёскі Жортай, а адтуль яшчэ ісці пешшу 30 кіламетраў. Як кажуць, Сялец — дарогі канец».

«У знак пратэсту дзецi пабрыліся налыса, нават некаторыя дзяўчынкі, адмовіліся хадзіць на заняткі, аб’явілі галадоўку. Тады мову яны адваявалі»

Іван Белы падкрэсліў, што гэтая ідэя і яе рэалізацыя былі, сапраўды, унікальнай праграмай, якая з усіх савецкіх краін адбывалася толькі ў Беларусі:

— Мікола Рыжы выявіў свае здольнасці ў маляванні, таму было не дзіўным, што ён трапіў у Рэспубліканскую школу-інтэрнат імя Івана Ахрэмчыка, дзе навучаліся і жылі таленавітыя дзеці, якія праяўлялі свае здольнасці ў музыцы і ў выяўленчым мастацтве. 

Іван Юр’евіч узгадаў адзін цікавы выпадак, які адбыўся з Міколай падчас вучобы ў школе-інтэрнаце. Да дырэктара прыйшла паперка, што трэба перавесці ўсіх на рускамоўнае навучанне. Дзеці былі ўжо дарослыя, усё разумелі. Яны былі супраць, таму зрабілі ўсеагульны пратэст. Справа дайшла нават да ЦК КП(б)Б.

«Яны пабрыліся налыса, нават некаторыя дзяўчынкі, адмовіліся хадзіць на заняткі, сядзелі на прыступках і аб’явілі галадоўку. Тады мову яны адваявалі», – дадаў сын Мікола.

Творчыя людзі — складаныя

Пасля заканчэння мастацкай школы Мікола паступіў у Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут, які пазней быў рэарганізаваны ў Беларускую дзяржаўную акадэмію мастацтваў. Там ён вучыўся да 1977 года, але дыплом не атрымаў.

Сын кажа, што тата быў складаным чалавекам, але добра да мастака ставіўся Васіль Шаранговіч, ён нават пазней узяў Міколу на працу:

— Цікава, што настаўнікам быў назначаны лабарант, а на справе заняткі вёў тата, які быў аформлены лабарантам.

— Калі Мікалай вярнуўся ў Барысаў, ён быў уладкаваны ў ААТ Будаўнічы трэст нумар 21», але там ён толькі маляваў лозунгі ды транспаранты. Калі пачынаўся летні сезон, яму трэба было ехаць у лагер, каб расфарбаваць прыбіральні, напісаць літары М і Ж, — кажа Іван Белы.

— Так, ён там быў афіцыйна аформлены, але на самай справе рабіў, што хацеў. Яму трэба ж было сям’ю ўтрымліваць. Былі і не простыя моманты ў жыцці. Для мастацтва яму гэта не перашкаджала, мог не спаць суткамі, маляваў, маляваў, маляваў, — узгадвае сын мастака.

Адзначыў Іван Белы, што для Барысава Валерый Шкаруба лічыцца знакавым, так, ён дасягнуў пэўных уменняў у маляванні пейзажаў, але ён аднастайны:

— Калі параўноўваць з Міколам Рыжым, то Рыжы шматгранны… На жаль, не дажыў Мікола Рыжы да свайго 65-годдзя. У яго былі планы арганізаваць чарговую выставу ў Мінску, прысвечаную юбілею…

«Заўважылі толькі пасля другой хіміі…»

— Апошнія гады яго жыцця былі нялёгкімі, ён хварэў. Мала хто бачыў, што ён хварэў. Сталі заўважаць толькі пасля другой хіміі, — дадае сын Мікола.

— Я сустракаўся з ім у музеі, Мікола бадзёра размаўляў, не было бачна, што ён хварэе… Год таму сыйшоў ад нас выбітны мастак, — кажа Іван Белы. — Хачу дадаць, што да гэтага ў яго былі розныя выставы: 1993 і 1996 гадах — персанальныя выставы, у 1997 і 2002 гадах — агульнагарадскія. У 2003 годзе адбылася юбілейная выстава ў Мінскім Палацы мастацтва. У 2005 годзе — выстава экслібрысаў і выяўленчага мастацтва, вось і зараз праходзіць выстава ў Краязнаўчым музеі.

«За вокладку больш за ўсё плацілі грошай»

Мікола Рыжы шмат працаваў як кніжны графік. Агулам ён аформіў каля 100 кніг, у асноўным займаўся афармленнем вокладкі. Першую кнігу аформіў, калі быў студэнтам, у 1973 годзе. Супрацоўнічаў з рознымі выдавецтвамі.

Іван Белы паказаў вокладку да падручнікаў па беларускай мове. У кніге таксама шмат ілюстрацый мастака.

— За вокладку больш за ўсё плацілі грошай. Кніга вельмі складаная, таму што дзіцячая. Я быў малы, але добра памятаю, як тата рабіў абсалютна ўсё ў ёй. Адна з першых яго маналітных прац, – кажа Мікалай.

Буквар Анатоля Клышкі выйшаў у 1991 годзе, калі краіна стала незалежнай. Кнігу, па якой вывучаліся дзеткі чытаць на беларускай мове, аформіў Мікола Рыжы

– Самая першая кніга, па якой вучыліся дзеткі на беларускай мове, была ў вокладцы, якую аформіў тата. Персанажаў шмат, таму ўсе людзі на ілюстрацыях — гэта людзі з яго жыцця. Не ўсе могуць разглядзець і заўважыць, але ж выдумаць немагчыма столькі герояў. Я пазней зразумеў, што вось гэты хлопчык (Мікалай паказвае на вокладку, дзе намаляваны дзеці) я, таму што гэта мой ровар, маё адзенне, побач мой стрыечны брат і сястра.

— А вось самая знакамітая кніга Уладзiмiра Бутрамеева «Вялікія і славутыя людзі беларускай зямлі», якая прыцярпела 4 перавыданні, — кажа Іван Белы. — У першым выданні яшчэ ёсць бел-чырвона-белыя сцягі, пра гісторыю Літвы. У другім выданні сказалі прыбраць сцяг, унутры таксама шмат чаго падчысціць, ён перарабіў шмат усяго, цэнзура прайшлася па кнізе.

Мікола, сын мастака, дадае:

— Тата яе рабіў два ці тры гады. Кожны малюнак — гэта гісторыя аднаго чалавека. Ён шмат сядзеў над кожнай старонкай, вывучаў гісторыю. У 1995 годзе быў конкурс на лепшае афармленне кнігі, бацьку вылучылі з усіх канкурсантаў і сказалі, што ўсе астатнія эскізы нельга параўноўваць з ягоным. За гэту кнігу быў вельмі вялікі ганарар. Тады быў уздым Беларусі, трэба было друкаваць больш пра гісторыю, культуру, і павінна было ўсё гэта вельмі прыгожа выглядаць. Выдадткоўваліся вялікія сродкі, дазвалялася карпатліва і  доўга працаваць.

«Экслібрыс прысвячаецца камусьці. Што мастак задумаў, толькі ён ведае. Выпадковых людзей тут не было»

Мікола Рыжы зрабіў шмат прыгожых і цікавых экслібрысаў, некаторыя з іх Іван Белы прадэманстраваў слухачам.

— Трэба ведаць асобу, вывучыць яе, ведаць прыхільнасці, самае адметнае, і потым нейкім чынам гэта выразіць. Гэта сваеасаблівы від саціры. Гэтым займаецца вельмі мала мастакоў. Наогул. Бацька быў доўгі час адзіным графікам у Беларусі, які займаўся гэтай галіной выяўленчага мастацтва, але зараз, кажуць, дзяўчынка з’явілася. Экслібрыс прысвячаецца камусьці, што мастак задумаў, толькі ён ведае. Выпадковых людзей тут не было, - кажа сын мастака.

Цікава, што вельмі плённа Мікола Рыжы супрацоўнічаў з РУП «Белпошта». Ён распрацаваў больш за дзвесце арыгінал-макетаў паштовых марак, мастацкіх капэрт і картак.

— Увесь час сварыўся з імі, бо тарыфы былі вельмі маленькія, на якія тата не пагаджаўся. Калі ж былі патрэбныя партрэты, «Белпошта» наладжвала кантакты і плаціла ўжо больш за ўсіх. Тата быў адзіным партрэтыстам на Белпошце, шмат выяваў беларускіх дзеячаў было зроблена ім, – падзяліўся ўспамінамі сын Мікола.

«Любы графік у любы момант можа стаць жывапісцам, але ніводны жывапісец не здольны ў любы момант стаць графікам»

Таксама знакаміты барысаўчанін праявіў вялікія здольнасці ў жывапісу.

— За кнігі сталі плаціць так мала, што грошай зусім не хапала. Тады бацька заняўся жывапісам. Як казаў Шаранговіч, любы графік у любы момант можа стаць жывапісцам, але ніводны жывапісец не здольны ў любы момант стаць графікам.

Напрыканцы сустрэчы Іван Белы сказаў:

— Запрашаў ён да сябе ў майстэрню, так сталася, што я не патрапіў туды. Сёння хачу сказаць, што Мікола быў сапраўдным патрыётам, ён быў беларусам, не таму што гэта модна, а таму што ён быў прынцыповым, не з тых, хто будзе ўтойліваць ці хітрыць. Ён спачатку гаварыў, потым думаў.

Сын Мікола дадае:

— Я такі ж. У таты ёсць маральныя прынцыпы. Калі ён разумее і лічыць, што гэта правільна, яму ўсё роўна, хто перад ім. Ён спрачаўся шмат. Тата – беларус, ён ніколі гэтага не хаваў, значок заўсёды насіў з пагоняй, яму было ўсё роўна, куды ён ідзе і чый партрэт там вісіць. За гэта яго вельмі моцна не любілі. Вы ж ведаеце, як да патрыётаў ставіцца адміністрацыя…

Даведацца яшчэ больш пра нашага выбітнага мастака Мікалая Рыжага вы яшчэ можаце на выставе, якая будзе праходзіць у Краязнаўчым музеі да 15 красавіка.

Автор: Ганна Алмазава.
Обсудить в чате
Если вы заметили ошибку в тексте новости, пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter

Конвертер