У дзяцінстве Ўладзімір хацеў быць вадалазам і патолагаанатамам, дзяўчынкай і шпіёнам. Бацькі хацелі, каб Уладзімір вучыўся на хірурга. Ён выбраў зусім іншы шлях. Гісторык з дзяцінства шукае старажытныя скарбы. Калі быў хлопчыкам, у яго калекцыі было 33 манеты з партрэтамі і геральдыкай, якія ён знайшоў у роднай Дзвіне. У 1-ым класе паэт напісаў свой першы верш, а з трэцяга класа ведае ўсе сталіцы.
EX-PRESS.BY падрыхтаваў топ-15 цытат Уладзіміра Арлова, беларускага паэта, празаіка і гісторыка.
1. Калі пачаў цікавіцца гісторыяй? На першым месяцы жыцця. Маці ў вакно тату паказала мяне, а я ўбачыў Сафійскі сабор. Мае сыны ведаюць гісторыю. Унукі, спадзяюся, таксама будуць ведаць. Сын Раман напісаў рок-оперу «Чарадзей», зараз працуе над новай, якая прысвячаецца Еўфрасінні Полацкай.
2. Як партрэт Жыгімонта Аўгуста дапамог мне. Сярод калекцыі манет была адна ўлюблёная, з якой я, сапраўды, падарожнічаў у часе. У адну суботу яна знікла, аказалася, я яе з’еў. ...У дзяцiнстве мы лазілі па дварах і саборах. Вельмі часта я ламаў сабе рукі. У мяне было 10 пераломаў. Калі гулялі ў індыйцаў, мяне клікалі «Брат касцяная рука». З той манеты тата зрабіў лекі, ён раздрабіў яе, бо там была медзь, якая, лічылася, рабіла косці больш трывалымі. Вось так партрэт Жыгімонта Аўгуста, рыцара, якога мы добра ведаем як уладара і каханага Барбары Радзівіл, дапамог мне.
3. У свеце тысячы народаў і народнасцяў, але тых, хто стварыў дзяржаву, — усяго 200. Мы здолелі, і гэта наша галоўная каштоўнасць. Мы нікому не аддадзім нашу дзяржаву. Помнікі з’яўляюцца; раней быў толькі Сымону Буднаму ў Нясвіжы ды Францыску Скарыну ў Полацку, а цяпер іх шмат.
4. У нашай школе была абсерваторыя. Можна было з дзяўчынкай, якая падабаецца, запісацца дзяжурыць там. Настаўнік астраноміі моцна паўплываў на мяне, яго заняткі ўсе вельмі любілі, бо ён мог размаўляць з намі на розныя тэмы. З-за гэтага яго і звольнілі.
5. У мяне тата — пракурор, а маці — настаўніца, але моцна на маю працу паўплывала бабуля Яўгіння, без яе не было б пісьменніка і многіх кніг.
6. У гісторыі Беларусі быў Рэнесанс, Рэфармацыя і Магдэбургскае права. Я прачытаў Караткевіча і зразумеў, што магу пісаць на гістарычную тэму. Неяк у інтэрнаце на 4-ым курсе мы пілі гарбату, круцілі бутэлечку, гулялі ў капялюш. Трэба было за 30 секунд напісаць імя гістарычнай асобы, напісалі, кінулі, а потым іх пачалі адгадваць. Рагаталі, бо большасць з нас напісалі японскія імёны сёгунаў, бо захапляліся нашым выкладчыкам па гісторыі Японіі і Кітая, але ніхто не напісаў беларускіх герояў. Пасля рогату прыйшоў момант ісціны: мы неўзабаве атрымаем дыпломы нашай галоўнай ВНУ — гістфака, а ніводнага героя са сваёй гісторыі не напісалі. Я зразумеў, што я, палачанін па нараджэнні і гісторык па адукацыі, павінен працягваць пісаць на гістарычную тэму.
7. Чаму не ўратавалі Рэч Паспалiтую? Шляхецкая дэмакратыя ператварылася ў шляхецкую анархію. Не дбалі пра краіну. Гэтым скарысталіся суседзі. Прыйшоў заняпад РП, насельніцтва скарацілася амаль напалову.
8. «Каласы пад сярпом тваім» — гэта наша «Вайна і Свет».
9. Кожная кніга — тваё дзіця. Мяне натхняе добрае кніга, прыгажосць нашых дзяўчын. Аднойчы ад водару парфюму я пачаў запісваць сюжэт. Вільня, Напалеон, дзеянні 1812 году, беларуская шляхцянка ў Віцебску. Калі б не тая сустрэча, аповесці не было б. У бібліятэцы сяброў рука пацягнулася да кнігі — там аказаўся 1812 год. Шчаслівае супадзенне.
10. Аднойчы прысніўся сон: перада мной снежная роўнасць. Ідуць тры мужчыны па снезе, не пакідаючы слядоў. Так нарадзіўся верш «Спадарожнікі».
11. У Амерыцы я ішоў па 5-й Авеню. У кішэню маёй зялёнай цішоткі залезла божая кароўка. Два дні вандравала са мной, але ў аэрапорце імя Кенэдзі вырашыла застацца і ўляцела. Дзякуючы ёй я напісаў эсэ «Божая кароўка з 5-й Авеню».
12. Мікалай Чорны і Мікалай Руды сніліся. Казалі: «Глядзіце, не блытайце нас!»
13. У 1990 годзе трапіў у Лондан. Там стаў грэка-каталіком, да гэтага быў уніятам. Дарэчы, у 17-18 стст. большасць насельніцтва належала да ўніяцкай царквы.
14. Геаграфія чалавека не мае ўмоўнага ладу.
15. Не з’ехаў з Беларусі, хаця ў Лондане былі прапановы, калі працаваў ў бібліятэцы Скарыны. Пісьменнік павінен жыць на Радзіме, дзе гучыць яго мова.
Напрыканцы сустрэчы гісторык і празаік Уладзімір Арлоў пажадаў барысаўчанам і барысаўчанкам Свабоды:
— ...I каб за вокнамі чакалі дарагія вам людзі, каб страла ляцела, душа хацела, а цела магло. Хацелася, каб усе беларускія гарады не тое, каб карысталіся, але ведалі беларускую мову. Мова разам з гістарычнай свядомасцю бароніць межы дзяржаўнасці лепш за любую армію.
Добро пожаловать в реальность!