Новости Жодино

Насця Герыловіч з Жодзіна: Не я адна хачу, каб мой сын навучаўся на беларускай мове

31 мая 2017, 12:28
2286
Новости Жодино EX-PRESS.BY
0
Насця Герыловіч — маці шасцігадовага Косціка з Жодзіна — намагаецца, каб у школе №6 адкрылі першы клас з навучэннем на беларускай мове. Вось такую аб’яву яна размясціла ў фэйсбуку.
 


Журналіст ex-Press.by пагутарыў з Настай наконт таго, як яна прыйшла да гэтай ідэі. Вось, што яна распявала. 

— З сынам  я заўсёды размаўляла на беларускай мове. Таму што лічу неабходным, каб людзі ў Беларусі размаўлялі на беларускай мове, добра яе ведалі і ганарыліся тым, што ў нас такая цудоўная мова. Косця таксама да трох год размаўляў са мной толькі па-беларуску. А потым пайшоў у садок. Садок рускамоўны, і Косця перастаў размаўляць на беларускай мове. Канешне, усё разумее, кніжкі беларускамоўныя чытае, словы асобныя кажа, але сказамі ўжо не гаворыць па-беларуску. Канешне, шукаю розныя мульцікі, імпрэзы на беларускай мове, але ствараць беларускае асяроддзе вельмі цяжка, у нашым горадзе асабліва. На цяперашні момант у Жодзіна няма ні воднага беларускамоўнага садочка, і ніводнага школьнага класа, дзе б выкладалі на беларускай мове.  І гэткая сітуацыя ўжо даўно. 

— І вы пайшлі насуперак плыні? 

— Я разумею, што становішча можна выправіць толькі сістэмным уплывам. У нашай Канстытуцыі запісана, што ў Беларусі дзве дзяржаўныя мовы, якія маюць аднолькавыя правы. Таму я вырашыла, што трэба навучаць сына на беларускай мове. Таму што ў нас усё па-руску: і ў крамах, і па тэлевізары. Напісала ліст яшчэ ў студзені 2017 году, у аддзел адукацыі Жодзіна. Яны мне адказалі, што знайдзіце 20 першакласнікаў, бацькі якіх захочуць, каб іх дзеці навучаліся на беларускай мове і тады — калі ласка. 

— Вас гэта, я так разумею, не спыніла?

— Так. Я напісала ў Міністэрства адукацыі. Там адказалі, што пераслалі ліст у Менскі абласны выканаўчы камітэт. Адтуль мне адказалі, што мяне чакаюць, каб вызначыць месца адукацыі майго сына, у траўні 2017 году. Я схадзіла ў гарадскі аддзел адукацыі. Больш за гадзіну доўжылася наша сустрэча. Там мне казалі, што ўсё гэта цудоўна, але ж вы разумееце, гэта эканамічна невыгодна, калі адна настаўніца будзе выкладаць толькі аднаму вучню. А я ім сказала, што ў Магілёве толькі адна дзяўчынка вучыцца па-беларуску, а Жодзіна не такі ўжо бедны горад, што не можа сабе дазволіць беларускамоўны клас. 

— Карацей кажучы, вашу ідэю не падтрымалі?

— Справа ў тым, што фармальна мне не трэба шукаць аднадумцаў сярод бацькоў, бо згодна закону паводле адной заявы органы ўлады павінны скласці ўмовы, каб мой сын навучаўся на беларускай мове. Магчыма, у Жодзінскім гарвыканкаме пра гэта не ведаюць. Але даведаюцца. Я так зразумела, што яны нічога з гэтым рабіць не хочуць, не зацікаўленыя. Таму вырашыла распачаць інфармацыйную кампанію, каб паказаць, што жодзінцы выступаюць за беларускамоўныя класы, і што не я адна хачу, каб мой сын навучаўся на беларускай мове.



— А сапраўды ёсць жодзінцы, якія вас падтрымліваюць?

— Мяне падтрымлівае шмат маіх сяброў, але ў іх дзеткі не такога ўзросту, як мой Косця. І геаграфічна мы не супадаем. А першы, хто адклікнуўся на мой заклік, бацька хлопчыка, які таксама збіраецца ў шостую школу, як і мой Косця. Потым звярнуліся да мяне яшчэ адны бацькі. І зараз ёсць ужо трое дзетак, якім павінны забяспечыць выкладанне на беларускай мове.

— Ці няма ў вас адчування, што вы робіце свайго сына закладнікам сваёй грамадзянскай пазіцыі, якую можна толькі вітаць? Бо прыгожыя ідэі і рэальнае жыццё часам супярэчаць адно аднаму. Не баіцеся, што ваш Косця будзе адчуваць сябе ізгоем, непаўнавартасным сярод рускамоўных школьнікаў?

— Я так не лічу. Па-першае, што вось ужо сябры знайшліся, па-другое, зараз у першых класах звычайна вучыцца больш за 20 дзетак. Настаўніца не ў стане кожнаму надаць належную ўвагу. А ў беларускамоўным класе будзе інакш. Таму, я думаю, ён атрымае лепшыя веды ў класе, дзе будзе тры вучня, чым там, дзе 24. І яшчэ. Косця вельмі камунікатыўны хлопчык, і ён знойдзе сабе сяброў і сярод рускамоўных.



— У вас ёсць уласны досвед?

— Так. Я сама пачынала вучыцца ў 6-й школе Жодзіна, калі яна была яшчэ беларускамоўнай, але пасля 4-класа мяне перавялі ў першую гімназію.Калі я выпускалася з гімназіі, у 6-й школе з’явіліся рускамоўныя класы, а беларускамоўныя паступова зніклі. У гімназіі ў мяне не было ніякіх цяжкасцяў, негледзячы на тое, што я да таго часу навучалася па-беларуску. Дзіцячы мозг — ён гібкі. Я ў Косці ўжо два разы запытвалася: а ты сам хочаш вучыцца па-беларуску? Правяраю яго, ці не цісну я занадта. Так, кажа, хачу.

— Такім чынам сумневу няма? 

— Насамрэч  сумневу няма. Я ўпэўнена на сто адсоткаў, што гэта добрая справа. Па-першае, у класе не будзе вельмі шмат вучняў. Па-другое, ён будзе добра ведаць рускую мову, бо яна ў нас паўсюль, і адначасова будзе ведаць родную, беларускую, таму што будзе вывучаць прадметы на беларускай мове ў школе. І ў хаце я з ім размаўляю па-беларуску. Вядома, што білінгвізм добра ўплывае на інтэлектуальныя здольнасці чалавека.

Насця чакае іншых бацькоў, якія хочуць навучаць сваіх дзетак на беларускай мове. 
Телефануйце!
Обсудить в чате
Если вы заметили ошибку в тексте новости, пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter

Конвертер