Новости Жодино

«Дзяржава стварыла сітуацыю, калі людзі ў стане крайняй неабходнасці выходзяць на вуліцу». Экс-намеснік пракурора Жодзіна распавёў пра затрыманне

EX-PRESS.BY пагутарыў з Ігарам Дамаронкам, якому прысудзілі дзесяць базавых за ўдзел у маршы.

09 октября 2020, 10:35
Новости Жодино EX-PRESS.BY
0

Ігар Дамаронак — былы намеснік пракурора Жодзіна. Працу ў пракуратуры ён пакінуў у 2007 годзе, пасля чаго заняўся аказаннем юрыдычных паслуг. Гэтым летам ён пачаў даволі актыўна выказваць сваю грамадзянскую пазіцыю, увайшоў у ініцыятыўную групу Віктара Бабарыкі і спрабаваў патрапіць у выбарчую камісію. 2 кастрычніка яго за ўдзел у несанкцыяваным шэсці затрымалі на трое сутак і прысудзілі дзесяць базавых. Пасля вызвалення ён пагутарыў з EX-PRESS.BY, распавёў пра затрыманне і растлумачыў, што яго падштурхнула выйсці на вуліцу.

Prok1

На працы. Фота: ok.ru

Спадар Ігар, вы ўжо ня першы месяц актыўна выказваеце сваю грамадзянскую пазіцыю. Ці стала для вас затрыманне нечаканасцю?

— Безумоўна, я быў гатовы да гэтага. Раскажу, як развіваліся падзеі, звязаныя з маім затрыманнем. Пятніца, працоўны дзень. Разам з калегамі я знаходжуся на працоўным месцы (Дамаронак узначальвае юрыдычную кампанію «Кропка закона»). Каля дзесяці гадзін раніцы з незнаёмага нумара раздаецца званок: «Ігар Іванавіч, добры дзень. Гэта вас жодзінскі ГАУС турбуе. Мы хочам вас запрасіць у ГАУС наконт вашага ўдзелу 23 верасня ў несанкцыяваным мерапрыемстве».

Адказаў, што гатовы падысці, але не сёння, а ў панядзелак, бо дзень вельмі насычаны працай. Супрацоўнік міліцыі пагадзіўся. Я супакоіўся і працягнуў працаваць. Аднак пасля чатырох гадзін мне зноў патэлефанавалі і сказалі: «Вам усё ж такі трэба падысці сёння ў абавязковым парадку».

Падумаў, што хавацца — гэта глупства, і пытанне неяк трэба вырашаць. Пра выклік у міліцыю паведаміў жонцы. Мы не выключылі імавернасць затрымання, я напісаў паведамленні некаторым сябрам, пакінуў тэлефон дома і пайшоў у міліцыю.

Прыйшоў у аддзел, а ён закрыты. Націснуў на кнопку, расказаў пра сябе, пасля чаго мяне папрасілі пачакаць каля ўвахода. Чакаў хвілін трыццаць. За гэты час з міліцыі выходзіла шмат праваахоўнікаў. Некаторыя пазнавалі і віталіся са мной, хаця праз маскі на тварах я так і не разумеў, хто гэта. Ну а пасля да мяне падышлі два капітаны і сказалі, што іх спецыяльна выклікалі па маёй справе.

Яны завялі мяне у пакой каля ізалятара часовага ўтрымання і пачалі складаць пратакол. Гэтых міліцыянераў на той момант не ведаў, і ўжо пасля даведаўся, што адным з іх быў участковы інспектар Аляксей Ерахавец. Ён і склаў пратакол аб тым, што я 23 верасня ўдзельнічаў у несанкцыяваным шэсці ад крамы GREEN да Беларусбанка. У момант шэсця вялося відэаназіранне, яны паказалі мне некалькі фотаздымкаў, на якіх пазнаў сябе.

Калі чалавек выказвае сваю пазіцыю, а пасля сцвярджае, што ён ні ў чым не ўдзельнічаў, дык гэта дзіўна, таму і прызнаўся ва ўдзеле.

Пры гэтым я ім паведаміў, што ёсць артыкул 5.3 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях. Паводле гэтага артыкула, асоба ня можа быць прыцягнута да адміністрацыйнай адказнасці, калі яна знаходзілася ў стане крайняй неабходнасці.

Ну і дадаў, што наша дзяржава стварыла на выбарах і пасля іх такую сітуацыю, калі людзі ў стане крайняй неабходнасці выходзяць на вуліцу, каб адстойваць свае правы праз мірныя шэсці. Інакш ня могуць, бо любыя мітынгі ім праводзіць не дазваляюць. У выніку мне прад’явілі пратакол аб затрыманні. Я яго падпісваць адмовіўся, таму што ў мяне хворая жонка, у яе ёсць праблемы з рознымі суставамі, ёй неабходна мая прысутнасць дома, падтрымка, і прапанаваў з’явіцца ў панядзелак.

Ерахавец пайшоў на кансультацыю да вышэйшага кіраўніцтва, напэўна, праз хвілін восем вярнуўся і прамовіў: «Сказалі затрымліваць». У мяне забралі рамень, матузкі ад абутку, і пасадзілі спачатку на некалькі гадзін у так званы «тэлевізар», памяшканне часовага ўтрымання, а пасля накіравалі ў камеру №5. У выніку правёў там тры ночы.

Чаму затрымалі ў пятніцу? Думаю, гэта была «прафілактыка» будучых правапарушэнняў. Яны зрабілі так, каб я проста не пайшоў на чарговае шэсце ў нядзелю. Ведаю, што прэвентыўна па прычынах, звязаных з палітыкай, у тую пятніцу затрымалі ня толькі мяне. У другіх камерах падобныя зняволеныя таксама знаходзіліся.

— Якія там умовы?

— Камерка невялічкая — дзевяць квадратаў. Злева ад увахода знаходзіцца ўнітаз, адгароджаны сцяной. За ім — умывальнік. У камеры ёсць столік і невялічкая палічка на чатыры аддзяленні. Уздоўж сценак стаяць два двух’ярусныя ложкі на чатыры чалавекі. Там ужо сядзелі два дробныя хуліганы, адзін палітычны і мужчына з вельмі цікавым лёсам. Пра яго варта сказаць асобна. Яго імя Сяргей. Ён сядзіць ІЧУ па справе, звязанай з міграцыйным заканадаўствам. У яго проста няма грамадзянства, ён знаходзіцца ў ізалятары ўжо год, і яму неабходна дапамога.

Камеры ў ізалятары перапоўненыя. У суботу ў чатырохмеснай камеры сядзела шэсць затрыманых. Усе тры ночы я наогул спаў на падлозе — на матрацы. Больш маладыя сукамернікі прапаноўвалі перабрацца на паліцу, але сказаў, што не трэба, бо мусіць усё ж такі быць нейкая чарговасць. Было так шчыльна, што можна было лёгка наступіць на мяне, калі нехта злазіў са свайго ложка.

— Чым кармілі затрыманых?

— Ежу для затрыманых, якія знаходзяцца ў ізалятары, заказваюць раз на дзень, і прыкладна ў абед у міліцыю прывозяць порцыі. Гатуюць ежу для зняволеных у сталоўцы фабрыкі «Світанак». Якасць нядрэнная. Мне спадабаўся боршч і шчы. Смачна, але порцыі маленькі — крыху на донцы высокай нержавеючай міскі. Яшчэ была вараная бульба, груца, рыс, танюткія катлеты, рыба, гарбата і кампот.

Але, як сказаў мужчына, які ўжо год там знаходзіцца, так добра карміць пачалі чамусьці толькі пасля нядаўніх палітычных падзей. Дагэтуль, па яго словах, кармілі менш, і якасць прыгатаванага была другая.

Кормяць у адзін і той жа час. Сняданак прыносяць прыкладна ў сем гадзін раніцы, абед — пасля першай гадзіны, вячэра — каля сямі. Сняданак, дарэчы, заўжды быў халодны, бо захоўваўся ў лядоўні, аднак жанчынам, калі не памыляюся, шлі насустрач і падагравалі ежу ў мікрахвалёўцы.

Prok2

Ігар Дамаронак у момант выхаду з ГАУС.

— Як да затрыманых ставіліся міліцыянеры?

— Даволі карэктна. Пры мне нікога не білі і ў межах закона выконвалі свае абавязкі.

— Вас выклікалі на прафілактычныя размовы?

— Не. Я проста сядзеў. Маёй наступнай размовай з праваахоўнікамі стаў суд. Аб ім мне паведамілі раніцай у панядзелак. Спачатку асудзілі сямейнага скандаліста і хулігана з маёй камеры, а пасля абеда прыйшла наша чарга з маім палітычным сукамернікам. Акрамя мяне судзілі яшчэ трох чалавек па відэасувязі праз Skype. На кожнага прыходзілася прыкладна па сем хвілін.

— Ведаю, што вы адмовіліся ад адваката. Абаранялі сябе?

— Я разумеў, што фармальна склад правапарушэння ёсць, і падобнага не аспрэчваў. Выходзіў на вуліцу свядома, падобнага нідзе не хаваў. Доказы ў выглядзе відэа ў суддзі былі. Факт удзелу прызнаў, але дадаў, што дзейнічаў у стане крайняй неабходнасці. Калі разглядаць маю справу праз артыкул 5.3. КаАП, дык складу правапарушэння няма. Мая пазіцыя суддзёй Ганнай Мукавозчык не была прынята. Мне прысудзілі штраф — дзесяць «базавых».

— Ці праўда, што пры складанні пратакола адзін з міліцыянераў абвінаваціў вас у тым, што зараз адбываецца ў краіне?

— Калі афармлялі пратакол, Ерахавец сказаў: «Ігар Іванавіч, зразумейце. Калі не я складу на вас пратакол, дык нехта другі». Адказаў, што асабіста да яго прэтэнзій не маю. А вось ягоны таварыш кінуў мне: «Гэта вы вінаватыя ў той сітуацыі, якая склалася ў Беларусі. Вы працавалі ў сістэме ў дзевяностых, і самі бачылі, што знік міністр унутраных спраў і другія людзі. Чаму вы ніяк не рэагавалі на падобнае?Вы не знялі мундзір».

Паспеў толькі сказаць, што ў межах сваёй кампетэнцыі ў якасці следчага і намесніка пракурора рабіў усё, што мог. І палітычных — адміністрацыйных і крымінальных спраў у Жодзіне пры мне не было. Падобнага не памятаю. Не разумею, дзеля чаго ён гэта казаў.

— Да якіх высноў вы прыйшлі пасля сваёй «сідкі»?

— Думак было шмат. Аказалася, што да затрымання я быў маральна падрыхтаваны. Я выходзіў на вуліцу, бо не мог трываць тую несправядлівасць, што адбывалася навокал. Сістэма не працуе і не абараняе народ. Мы бачым жорсткае і свядомае парушэнне разнастайнага заканадаўства: і выбарчага, і крымінальнага, і працэсуальнага.

Дзеянні сілавікоў у першыя дні пасля выбараў былі неадэкватныя. Іх наогул не трэба было прымяняць у Мінску, а тым больш у Жодзіне. Ну, навошта гэта трэба было рабіць у нашым горадзе? Гэта жах, што адбывалася. Калі паглядзець на відэа каля лазні, дзе жорстка збівалі чалавека, дык гэта ж чыстае злачынства, перавышэнне ўлады ці службовых паўнамоцтваў з прымяненнем гвалту. Гэта 426-ы артыкул крымінальнага кодэкса.

13 жніўня каля гандлёвага цэнтра GREEN выступаў пракурор [Максім Дацькевіч] і старшыня гарвыканкама Дзмітрый Заблоцкі. І на гэтай сустрэчы ў мэра спыталі пра той самы інцыдэнт каля лазні.

Prok3

Cустрэча мэра з жыхарамi Жодзiна. 

Але не яму трэба было накіроўваць гэтае пытанне, а пракурору, які ў любым выпадку мусіў бы даць на яго адказ як асоба, якая сочыць за выкананнем закона ў горадзе.

Ён жа мог узяць слова і сказаць: «Жыхары горада, дадзены факт зарэгістраваны! Па ім праводзіцца дэтальная праверка і будзе прынята законнае рашэнне». Але гэтага не здарылася. Ён прамаўчаў…

І, як мы ведаем паводле СМІ, у дачыненні супрацоўнікаў міліцыі справы так і не заводзіліся. Можа, яны і ёсць, але адзінкавыя. Бяздзеянне сістэмы ў гэтым напрамку мяне вельмі абурае і як грамадзяніна, і як юрыста, і як былога супрацоўніка пракуратуры.

Тарас Шчыры.
Подпишитесь на канал EX-PRESS.BY в Telegram и будьте в курсе самых актуальных событий Борисова, Жодино, страны и мира.
Добро пожаловать в реальность!
Если вы заметили ошибку в тексте новости, пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter

Конвертер

ПОСЛЕДНИЕ НОВОСТИ
Спорт
БАТЭ - Динамо (Батуми) - 0:0 (1-й тайм)
Спорт
Олимпиада-2020. 29 июля. Все призеры дня и медальный зачет
Новости Борисова
Фото дня. Как выглядела надпись с Юльчиком в год выборов
Спорт
Лукашенко о выступлении белорусов на Олимпиаде: Все занимаются спортом, а медалей нет. Тут с тренерами надо разобраться. Первая вина - это тренер
Общество
Лукашенко: Некоторые "сопливые" школу кое-как закончили, образования никакого, и хотят "на мерсах разъезжать и быть в шоколаде"
Новости Жодино
В Жодино новый генеральный директор НПЦ по животноводству
Политика
Лукашенко: Говорят, что власть людей портит, - это не ко мне, потому что я человек деревенский, выросший на улице
Новости Жодино
В Жодино помогают собрать в школу детей из малообеспеченных семей
Политика
Аналитик: А теперь, кажется, «Время вперед!»
Политика
«Я ему устроил чистилище». Лукашенко перевел зампредседателя КГБ на новый пост
ВСЕ НОВОСТИ