
“РАЗУМЕЕЦЕ, У МЯНЕ ВЕЛЬМІ ДВАІСТАЕ СТАЎЛЕННЕ ДА ВАШАЙ АПАЗІЦЫІ…”
— Натуральна, я адсочваю тыя падзеі, якія адбываюцца ў Беларусі пасля прэзідэнцкіх выбараў, — распавёў “ТіЦ”Аляксей Кірылавіч. — Дадзеныя падзеі мяне вельмі засмучаюць. Проста жудасна з такіх пазіцый, як свабода слова, палітыка, будучыня краіны. Гэта з аднаго боку. А з іншага… Ніяк не даводзіцца забывацца на тое, што ўсё гэта рабілася зусім без надзеі на поспех.
— Вы маеце на ўвазе паход да Дома ўрада?
— Так. Мне падаецца, што нельга было да такой ступені падстаўляць ні сваіх прыхільнікаў, ні саміх сябе.
— Але ж пакуль так і няясна да канца, хто ажыццявіў гэтую правакацыю з нападам на Дом урада. Існуе версія, што і пэўныя спецслужбы маглі мець дачыненне да гэтага. І, канешне, памылка апазіцыі ў тым, што яна не здолела пракантраляваць натоўп. Але, напрыклад, асобныя кандыдаты ў прэзідэнты спрабавалі перашкаджаць біццю вокнаў у Доме ўрада.
— Тое, што напад мог быць правакацыяй спецслужбаў, у мяне не выклікае ніякіх сумненняў. Але не быў жа правакацыяй заклік выйсці на плошчу. На жаль, аналізуючы дзейнасць беларускай апазіцыі, я ніяк не магу зразумець, чаго яна хоча. Усё пачынаецца з таго, што калі ў нас не будзе “Бацькі”, тады мы пачнём думаць. Але ж, хлопцы, так не бывае. Разумееце, у мяне вельмі дваістае стаўленне да вашай апазіцыі. І не падабаецца мне тое, што атрымалася ў рэшце рэшт.
“НА ВАС ПРАВЯРАЮЦЬ ТОЕ, ШТО ПОТЫМ АДПРАЦОЎВАЮЦЬ НА НАС”
— Нікому не падабаецца і тое, што і журналістам папала, што на прадстаўнікоў незалежных СМІ лавінай абрынуліся вобыскі…
— Пра што тут гаварыць?.. У Расіі, дарэчы, такое таксама здараецца.
— А з Ірынай Халіп, якая зараз знаходзіцца ў следчым ізалятары КДБ, асабіста знаёмыя?
— Канешне, я Іру ведаю. І ва ўсіх заявах ПЭН-цэнтра Ірына ўзгадваецца асабным радком. Я Іру вельмі люблю. Яна выдатная, з"едлівая. Яна прадукт нашага часу.
— Як думаеце, вызваляць яе ў бліжэйшы час?
— Мяркую, што не…
— На ваш погляд, у Расіі сітуацыя са свабодай слова сёння лепшая ці горшая, чым у Беларусі?
— Сітуацыя прыкладна аднолькавая. У тым сэнсе, што на вас правяраюць тое, што потым адпрацоўваюць на нас. Гэта даволі распаўсюджаная гульня.
— Яшчэ хачу запытацца ў вас пра вядомага артыста Армэна Джыгарханяна, які адным з першых павіншаваў Аляксандра Лукашэнку з перамогай (калі не памыляюся, нават раней, чым прэзідэнт Расіі). Журналістам, якія прасілі пракаментаваць віншавальную тэлеграму, народны артыст СССР сказаў, што яму падабаецца, якой стала Беларусь, і што ён хацеў бы прыехаць са сваім тэатрам да нас на гастролі. А тое, што на плошчы адбылося, ён ацэньвае прыкладна так: грамадства, канешне, мае права на тое, каб выказвацца, але ўсё, у рэшце рэшт, вырашае дзяржава. Як вы ставіцеся да ўчынку Джыгарханяна, якога шмат хто лічыў, дый пэўна і цяпер лічыць “розумам, гонарам і сумленнем”?
— На мой погляд, трэба перастаць абзываць артыстаў “розумам, гонарам і сумленнем”. Гэта глупства. З якіх гэта часоў артысты, людзі выпадковага выбару, раптам сталі ледзь не святымі і мудрацамі? Адкуль гэта пайшло? І Джыгарханян, па вялікім рахунку, у гэтым сэнсе нічым не лепшы за нейкага там Івана Пятрова. Проста ў Армэна Барысавіча часцей пытаюцца пра тое, што ён думае. Увогуле, што вы знайшлі такога ў Джыгарханяне, што ён такога здзейсніў, што можна было б абмяркоўваць?
“САМАЕ ГАЛОЎНАЕ ЎМЕННЕ МУДРАГА ПАЛІТЫКА — ГЭТА ЎМЕННЕ ДАРАВАЦЬ”
— Аляксей Кірылавіч, а калі б Вы сёння былі на месцы Лукашэнкі, што зрабілі б з тымі, хто апынуўся за кратамі ў выніку акцыі 19 снежня?
— Я ніяк не мог бы трапіць на месца Лукашэнкі па той прычыне, што я не палітык і не трымаюся за ўладу. Таму мне ў гэтым сэнсе прасцей, чым яму.
— Мяркуючы па апошніх выказваннях кіраўніка нашай дзяржавы, яго задаволіла б, калі некаторыя з затрыманых накіравалі на яго адрас так званыя “пакаянныя лісты”. Але ж не ўсе напішуць…
— Зразумела, што не ўсе. Але з тымі, хто зараз за кратамі, усё роўна прыйдзецца разбірацца. Бо ўсе ж жывуць на адной зямлі, у адной краіне. І людзі, якія апынуліся за кратамі, у значнай меры складаюць соль беларускай зямлі. Напрыклад, той жа Уладзімір Някляеў — адзін з самых прыкметных паэтаў, а Іра Халіп — адна з самых заўважных журналістак, хаця яна і стварае свой, так бы мовіць, імідж, на абсалютным непрыманні ўсяго таго, што робіць Лукашэнка.
— І, тым не менш, што б параілі Лукашэнку ў гэтай сітуацыі?
— Я перакананы ў тым, што самае галоўнае ўменне мудрага палітыка — гэта ўменне дараваць. Калі яны вінаватыя, даруйце ім, а калі невінаватыя — тым больш даруйце і адпусціце. Нічога іншага сказаць я не магу. Але не ўпэўнены, што Аляксандр Рыгоравіч будзе мяне слухаць. Я не ўпэўнены ў тым, што я сур"ёзны аўтарытэт для вашага прэзідэнта, бо шмат разоў даволі рэзка выказваўся на яго адрас. Але, тым не менш, я мусіў гэта сказаць, бо сачу за падзеямі, што разгортваюцца ў Беларусі, з горыччу…
__________________________
Аляксей Сіманаў (нарадзіўся 8 жніўня 1939 года ў Маскве) — пісьменнік, кінарэжысёр, праваабаронца. З 1991 года прэзідэнт Фонду абароны галоснасці. Сябра Рады пры Прэзідэнце Расійскай Федэрацыі па садзейнічанні развіццю інстытутаў грамадзянскага грамадства і правах чалавека.
Марына МІТ
www.svabodaby.net
Подпишитесь на
канал EX-PRESS.BY
в Telegram и будьте в курсе самых актуальных событий Борисова, Жодино, страны и мира.
Добро пожаловать в реальность!
Добро пожаловать в реальность!
Если вы заметили ошибку в тексте новости, пожалуйста, выделите её и нажмите
Ctrl+Enter