Общество

Адзначаем Каляды ці Раство?

25 декабря 2011, 10:55
2795
Общество Салiдарнасць
0

У беларускай мове слова «Каляды» ўжываецца як для азначэння паганскага свята ў дзень сонцастаяння, так і для хрысціянскага Раства. Тое тлумачыцца блізкасцю датаў святаў, а таксама тым, што хрысціянства, прыйшоўшы на беларускія землі, прымяркоўвала свае святы на месца ранейшых.

У поўнай меры выціснуць язычніцкія Каляды так і не атрымалася, і многія беларусы дагэтуль адзначаюць абодва святы. Пра асаблівасці Раства і Калядаў і падрыхтоўку да іх, карэспандэнт «Салідарнасці» пагутарыла са знаўцамі.

– Каталікі 25 снежня адзначаюць не Каляды, а Раство Хрыстова, – паведаміла карэспандэнту «Салідарнасці» валанцёрка «Дабрачыннага каталіцкага таварыства Карытас» Кацярына, – Гэта адно з двух самых значных хрысціянскіх святаў, таму за чатыры тыдні да яго – гэты час называецца Адвэнт – вернікі пачынаюць рыхтаваць свае сэрцы.

Пасціць увесь гэты час не абавязкова, строгага паста, напрыклад, трэба трымацца па пятніцах і па днях, якія дадаткова называе пробашч. Галоўнай мэтай застаецца падрыхтоўка не цела, а душы.

– Калі няма ўчынкаў, то ў касцёл можна прыйсці хоць сто разоў – нічога не зменіцца, – патлумачыла валанцёрка. – Абавязкова ў час Адвэнту трэба рабіць нешта для тых, хто патрабуе дапамогі. Прычым пачынаць варта з самых блізкіх. Не кажу, што тым, хто пакутуе дзесьці ў Афрыцы, не трэба дапамагаць, але таму, хто побач, таму, хто жыве ці працуе разам з намі, дапамагчы найцяжэй, бо бывае нялёгка ім нешта дараваць. А Адвэнт дапамагае навучыцца гэтаму прабачэнню.

Да Раства трэба падрыхтавацца: прыбрацца ў хаце, можна паставіць ёлку, але і без яе свята атрымаецца. Па словах спадарыні Кацярыны, для большасці беларусаў ёлка – гэта найперш сімвал дзяцінства, «часу, калі чалавек умее быць шчаслівым». Пад ёлкай можна пакласці падарункі для самых блізкіх. «Падарункавае» свята ў каталікоў – дзень Святога Мікалая – было ў пачатку снежня, а на Раство падарункі мусяць быць сапраўды сімвалічнымі.

– На Раство мы папросту можам узгадаць тых, каго любім, падарыць нешта, што дазволіла б чалавеку ўсміхнуцца, – пракаментавала валанцёрка «Карытас». – Усё залежыць ад таго, з якім сэрцам чалавек дарыць падарунак, і з якім сэрцам іншы яго прымае.

У Беларусі, у адрозненні, напрыклад, ад Польшчы, няма дакладнай колькасці страваў, якія трэба абавязкова прыгатаваць. Усё залежыць ад таго, наколькі вялікая сям’я, і які стол яна можа сабе дазволіць накрыць. Па словах спадарыні Кацярыны, традыцыйна гатуюць рыбу, бо менавіта рыба была сімвалічнай выявай Хрыста ў катакомбах. Сама валанцёрка «Карытас» да свята любіць гатаваць домік з пернікаў. Для гэтага трэба выпекчы пернікі, намазаць іх мёдам ды скласці хаткай, а хатка гэтая – своеасаблівы падарунак Езусу Хрысту, у якога пры нараджэнні яе не было. Можна зрабіць куццю з кавалачкамі сухафруктаў ды іншымі прысмакамі. На захадзе Беларусі робяць печыва з міндалём: у цеста замешваюць адзін арэшак, выпякаюць печыва, а той, каму гэты арэшак дастанецца, адчуе сябе сапраўдным шчасліўцам.

Святочныя набажэнствы ў касцёлах пачнуцца ўвечары 24 снежня, а само свята для вернікаў наступіць, як толькі святар аб’явіць, што Езус нарадзіўся, нават калі імша – а 20 гадзіне. 25 снежня трэба абавязкова сустрэцца з сям’ёй. Гэта не значыць, што увесь дзень прыйдзецца прасядзець за сталом – можна схадзіць на каток ці ў касцёл, ці проста выйсці на шпацыр, але разам з сям’ёй.

– Раство – тое свята, якое дазваляе нам вярнуцца ў дзяцінства, узгадаць, якімі мы былі шчаслівымі, калі проста на язык лавілі сняжынкі ці каталіся на санках з горкі. У наш час часта выпадае размаўляць выключна па справе. Раство ж дае магчымасць спакойна пагутарыць, запытацца ў блізкага чалавека, ці ён шчаслівы. Пры гэтым варта адрозніваць пачуццё задаволенасці ад пачуцця шчасця, – зазначыла валанцёрка дабрачыннага таварыства.

Пра тое, што называюць Калядамі, калі і як іх святкуюць на Гомельшчыне карэспандэнту «Салідарнасці» распавяла выпускніца БДУКМ па спецыяльнасці «этнафоназнаўства», метадыст па этнаграфіі і фальклору «Гомельскага абласнога цэнтру народнай творчасці» і кіраўнік спеўнага гурта пры Гомельскай моладзевай краязнаўчай грамадскай арганізацыі «Талака» Ірына Глушэц.

Спадарыня Ірына мае найбольш глыбокія веды ў традыцыйнай культуры Гомельшчыны, таму і адзначыла некаторыя элементы святкавання ў гэтым рэгіёне. Дахрысціянскае свята Каляды, па яе словах, адзначалася на зімовае сонцастаянне, а менавіта 21-22 снежня.

А вось пра тое, што на калядныя святы (ці на хрысціянскія Раство-Васілле-Храшчэнне ) прыбіралі ёлку, прынамсі на Гомельшчыне, спецыялістка ў галіне этнаграфіі прыгадаць не змагла. З ёй пагадзілася Наталля Ярмалінская, сябра Студэнцкага этнаграфічнага таварыства (СЭТ), якая дала тлумачэнне:

– Елка ў беларусаў – вобраз дрэва жыцця, сувязі таго свету з гэтым, таму і ўпрыгожвалі яе ў Беларусі на веснавыя святы і зусім у іншым кантэксце, – зазначыла спадарыня Наталля.

Паколькі Каляды лічыліся вялікім святам, беларусы абавязкова апраналіся ў адпаведныя строі. Хату ўпрыгожвалі саламянымі «павукамі», якія выраблялі штогод, а старыя спальвалі. На святочным стале абавязкова павінна была стаяць куцця:

– «Бедная» куцця ставілася на стол на самі Каляды і ўяўляла сабою практычна посную пярловую кашу. «Багатую» куццю елі на Шчадрэц – цяпер Новы год –, яе падсалоджвалі мёдам, дадавалі мак, разынкі і іншыя прысмакі, - падзялілася рэцэптам спадарыня Наталля.

Іншай абавязковай стравай былі бліны. Увогуле, святкаванне Калядаў у беларусаў расцягвалася не менш, як на два тыдні. На працягу гэтага часу па хатах хадзілі калядоўшчыкі і звездары, велічалі спевамі гаспадароў. Падарункі адно аднаму на Каляды не рабілі. Затое заўжды надзялялі калядоўшчыкаў рознымі прысмакамі.

А яшчэ на Каляды варажылі. Па словах Ірыны Глушэц, сонцастаянне лічыцца вельмі энергетычна моцным часам, а таму і спрыяльным для варожбаў. Наталля Ярмалінская навучыла карэспандэнта «Салідарнасці» варажыць:

– Любая варажба патрабавала своеасаблівых умоваў, неабходных для усталявання кантакту з іншасветам. Дзяўчаты распляталі косы, пераапраналіся, варажылі моўчкі; важнасць надавалася і месцу варажбы - часцей гэта былі нежылыя памяшканні (лазня, пуня) ці «памежныя» – паміж светам людзей і светам продкаў – месцы: печ, парог, калодзеж. Самым простым спосабам даведацца, ці пойдзе дзяўчына замуж, была варажба кшталту «цот ці лішка», калі дзяўчына брала абярэмак дроваў і лічыла паленцы. Калі паленцаў у абярэмку была цотная колькасць, гэта значыла, што яна пойдзе замуж у наступным годзе, – распавяла сябра СЭТ.

Гэтак жа варажылі на плоце – абдымалі, наколькі хапае рук, і лічылі штыкеціны. А яшчэ можна было «паглядзець», які ў жаніха будзе характар. Дзеля гэтага ў міску з зернем змяшчалі розныя прадметы: пярсцёнак, люстэрка, ключ ды іншыя, і, выцягваючы іх, меркавалі пра жаніха – ці будзе багаты, ці прыгожы, ці не п'яніца... Таксама з расплаўленага воску праз пярсцёнак вылівалі фігуры, і па іх форме прадказвалі лёс на наступны год. Калі ў хаце быў сабака, яму кідалі калядны блін: чый з'есць першым, тая і замуж першая пойдзе.

– Увогуле, існавала шмат варыянтаў варажбы. Незамужнія дзяўчаты варажылі на суджанага, сямейныя людзі шукалі «прагнозу» на наступны год: ці будзе ён урадлівым, якія культуры дадуць большы ўраджай, якога надвор'я чакаць увесну ці ўлетку, – распавяла Наталля Ярмалінская.

Обсудить в чате
Темы: культура
Если вы заметили ошибку в тексте новости, пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter

Конвертер