Общество

Мы i яны

26 декабря 2011, 14:58
1475
Общество Свободные новости плюс
0
За гады савецкай, а затым аўтарытарнай улады, знаходзячыся пад уплывам хлуслівай прапаганды, многія беларусы звыклі лічыць, што выраз «мы і яны» тычыцца падзелу на «сваіх людзей» і знешніх «ворагаў». Але жыццё ўносіць карэктывы ў такое разуменне размежавання.

Пасля падзення «жалезнай заслоны» дзесяткі тысяч тутэйшых сем’яў змаглі паслаць у заходні свет на лячэнне і аздараўленне дзяцей, чыё здароўе моцна падтачыў радыяцыйны Чарнобыль. Юныя грамадзяне Беларусі адчулі, што немцы, італьянцы, ірландцы, англічане, швейцарцы, аўстрыйцы, французы, іспанцы, канадцы, амерыканцы адрозніваюцца моваю, але такія ж шчодрыя на ласку, клапатлівыя, як родныя мамы і таты, займелі там новых сяброў, прывезлі дахаты добрыя ўражанні. Увогуле, больш мільёна тутэйшых, якія пабылі за мяжой, пераканаліся, што іншаземцы жывуць няблага і абсалютна не точаць «вострыя іклы на сінявокую Беларусь», як гэта падаецца мясцовымі тэлеканаламі. Нягледзячы на палітычную, грамадзянскую неадукаванасць беларусаў, на іх бяспрыкладную абыякавасць да свайго лёсу і будучыні, на пэўную нявыхаванасць, дэмакратычны свет ставіцца да нас добразычліва, што можна ўбачыць нават нікуды не выязджаючы. Тым не менш, рэцыдывы «халоднай вайны», супрацьстаяння Усходу і Захаду, якія падаграваюць несумленныя мясцовыя чыноўнікі або «бэтэшнікі», яшчэ застаюцца.

Але гаворка пойдзе пра іншае. Наш час стаў для ўсяго чалавецтва пачварна меркантыльным, прагматычным, а таму на ідэалагічны аспект накладваецца кантрастнае размежаванне людзей паводле дабрабыту. У гэтым ракурсе «мы і яны» паўстаюць выразна.

Чаму чалавечы свет перажывае бурлівыя, рэвалюцыйныя ўзрушэнні? За што змагаюцца простыя людзі ў розных рэгіёнах планеты? Безумоўна, ім вельмі хочацца нармальнага дабрабыту, які б не прыніжаў, не зневажаў чалавечую годнасць. Яны бачаць, што дзяржавы не стаяць за сацыяльную справядлівасць згодна шведскай мадэлі, што прорва паміж багатым і бедным насельніцтвам расце, што буйныя карпарацыі, банкі, алігархі, проста багацеі нават у час жорсткага крызісу «тлусцеюць», а кашалькі народа адчувальна худзеюць. Усё ж зазначу, што сутнасць выразу «зацягнуць папругі» ў Англіі, Германіі, Францыі, ЗША адрозніваецца ад рэалій нашага «эканамічнага пагаршэння» як неба і зямля. Адна справа, калі некалькі тысяч долараў змяншаюцца на 5 — 10%, другая — калі твая зарплата з 400 долараў схуднела да 300, а пенсія з 200 долараў да 100.

Акрамя таго, народы паспяхова змагаюцца за звяржэнне дыктатараў, за ўсталяванне дэмакратыі, выяўляюць салідарнасць, выходзяць на вуліцы, каб падтрымаць правы, свабоды чалавека ў іншых краінах, у тым ліку ў Беларусі.

Ніхто іншы, а якраз аўтарытарная ўлада, якой гэта выгадна, каб бясконца сядзець на троне, дзеліць народ на аблашчаных і звычайных. У Беларусі згодна афіцыйнай статыстыцы «іх» — 10%, а «нас» — 90%. «Мы» — гэта 7, 8% грамадзян, якія маюць прыбытак ніжэй бюджэту пражытачнага мінімуму, 79,7% тых, хто не дацягвае да 1,5 мільёна рублёў, невялікі пласт малога і сярэдняга бізнесу з крыху большым заробкам. Прад астранамічнымі лічбамі, якія стаяць на цэнніках у прадуктовых і прамтаварных магазінах, у аптэках, гэтая грамада курчыцца так няўтульна, як ліліпуты каля ног агромністага Гулівера. А ў галовах варушацца колкія думкі: «Хто давёў нас да такога ганебнага, жабрачага стану? Да якой мяжы можна выпрабоўваць цярпенне людзей?»

А як выглядаюць «яны»? Такой неабмежаванай улады, якую маюць сёння, напрыклад, кіраўнікі Беларусі і Расіі, не было нават у цароў. Каля аўтакратаў з іхнімі шырокімі магчымасцямі «караць і мілаваць» ходзяць «па струнцы» і дзеляцца з імі набыткам «прыручаныя» алігархі, проста багацеі, якіх нарадзіў прававы хаос апошніх двух дзесяцігоддзяў. Ніжэйшы пласт чыноўнікаў таксама мае нябедных «спонсараў» — як кажуць у народзе, «рука руку мые». Каля аўтакратаў і магнатаў няблага ўладкаваліся дэпутаты, шматлікія сілавікі ўсіх масцей, пасвяцца «парни из провинции» — «людзі ў цывільным» або «у чорным», якіх у грамадскім транспарце народ называе не толькі дармаедамі, але і «дармаездамі», бо яны пыхліва тыцкаюць пад нос кантралёрам свае «корочки». У арбіце ўціску і абдурвання народа маюць цёплыя месцы і сытна кормяцца прыўладныя журналісты, розныя палітолагі, сацыёлагі, эксперты, артыстычная, літаратурная і іншая папса. У Расіі, дзе 12,5% насельніцтва знаходзіцца нават па мясцовых мерках за рысай беднасці, прадстаўнік так званай «эліты» можа спакойна выкласці 80 тысяч долараў за чарговую вячэру.

Увесь гэты стракаты «бамонд», які сядзіць на карку народа, не дае яму развівацца, не бачаць толькі дэбілы, боўдзілы, цёмныя людзі, колькасць якіх у беларускім і расійскім грамадствах, на жаль, не змяншаецца.

«Невероятная коррупция и воровство» сталі звыклымі для нашых краін.

У свой час германскія спецслужбы купілі за 4 мільёны долараў «дыск» з імёнамі карумпіраваных еўрапейскіх чыноўнікаў, якія выводзілі грошы ў банк Ліхтэнштэйна. Узнік вялікі скандал. Канцлер А. Меркэль рашуча запатрабавала рэакцыі. Пачаліся адстаўкі. Англійскі прэм’ер-міністр Г. Браун патэлефанаваў нямецкай калежанцы і папрасіў яе падзяліцца інфармацыяй. Пасля гэтага і ў Англіі паляцела шмат галоў злодзеяў. Расія і Беларусь такім вопытам не цікавяцца. Прычына гэтаму разумным людзям даўно зразумела.

Нельга сказаць, што «яны» не клапоцяцца пра нас. Беларускі кіраўнік у размове са сваімі «доблеснымі» памочнікамі раптам забедаваў: мы-то маем магчымасць добра сустрэць Новы год, а як жа быць звычайным людзям, ці змогуць яны купіць сабе шампанскага на святочны стол? А У. Пуцін шчодра, нібы дзед Мароз, раздае прыемныя абяцанкі расіянам, трымаючы на ўвазе сакавіцкія выбары. А хто не даваў ім наладзіць нармальнае жыццё народаў за ўсе мінулыя гады?

Кіраўнікі сцвярджаюць: «В основе нашей политики должна быть правда, и только правда», але рэаліі — іншыя, пра што напісаліся радкі.

Наплывае хлусні

Едкі дым,

І здаецца ўжо неба з аўчынку…

Назірае сурова за ўсім

Той,

Хто зверыць прамовы і ўчынкі.

Пасля парламенцкіх выбараў на Балотную плошчу ў Маскве смела выйшаў сярэдні клас — адукаваныя, ініцыятыўныя людзі, якія патрабуюць сумленных, адкрытых выбараў, пашырэння інстытутаў дэмакратыі, больш высокай якасці кіравання. Яны — галоўны грунт, на якім адбываецца развіццё любой краіны. Беларусь, дзе сярэдні клас не расце, пакуль што асуджана на палітычнае, эканамічнае і сацыяльнае боўтанне ў аўтарытарным балоце.

У сакавіку 2012 года на прэзідэнцкіх выбарах у Расіі магчыма яшчэ спрацуе адміністратыўны рэсурс, масіраваны піяр афіцыйных СМІ — і У. Пуцін зойме высокае крэсла. Але, па-першае, гэта будзе Пірава перамога, па-другое, такое здзейсніцца апошні раз…

Сумленныя выбары, якія патрэбны як паветра, абавязкова стануць сродкам яднання народа. Следам за імі прыйдзе парадак ва ўсім. Пры нармальным, дэмакратычным ладзе ідзе натуральны адбор згодна здольнасцяў чалавека, на вышэйшыя пасады праходзяць лепшыя людзі.

Думаю, што ні ўкаранелая адсталасць і сквапнасць чыноўнікаў, ні дурнота значнай часткі абывацеляў не спыняць новую Беларусь і новую Расію ў імкненні да цывілізаванага, годнага жыцця.
Обсудить в чате
Если вы заметили ошибку в тексте новости, пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter

Конвертер