Общество

Кадры. У кадры і за кадрам

29 февраля 2012, 23:27
1296
Общество Наше мнение
0
Почему врач работает на полторы ставки?
Потому что если будет работать на ставку –
то есть ему будет нечего,
а если на две – то некогда…
З народнага

Праблема нястачы кадраў у сістэме аховы здароўя мае планетарны характар – па дадзеных Сусветнай Арганізацыі Аховы Здароўя у Свеце не хапае каля 2 мільёнаў медработнікаў. Пры гэтым  дэфіцыт спецыялістаў характэрны не толькі для Трэцяга Свету, а таксама і для агульна прызнаных краінаў-флагманаў цывілізацыі як, напрыклад, Германія. Беларусь, хоць і не лакаматыў прагрэсу, але таксама не выключэнне.

За апошнія гады ў забяспечанасці медычнымі кадрамі мала што памянялася. Так, у 2005 годзе патрэбы у лекарах і правізарах у Беларусі складалі 3700 чалавек, а ў 2010 – 4,5 тысячы. Не менш складаная сітуацыя і з медсёстрамі. Толькі ў сістэме Міністэрства аховы здароўя не стае больш за 4500 спецыялістаў, а з улікам іншых ведамстваў – усе 5400. Акрамя таго больш за 13000 (каля 12% агульнай колькасці) ад колькасці сярэдняга медперсаналу дасягнулі пенсійнага ўзросту.

Праблема далікатная і складаная ў вырашэнні, мабыць таму профільныя чыноўнікі “блытаюцца ў паказаннях”, каментуючы яе. Так міністр Жарко ў мінулым годзе заяўляў, што кадравая праблема ў цэлым вырашана на Віцебшчыне, Гарадзеншчыне, Магілёўшчыне і ў сталіцы. Тым не менш тагачасны старшыня Камітэта па ахове здароўя Мінгарвыканкама Дзмітрый Піневіч выказаўся пра тое што забяспечыць патрэбы Мінска ў лекарах плануецца толькі ў 2012 годзе. У сваю чаргу галіновая ж праграма міністэрства “Кадры на 2011-2015” абачліва адсоўвае канчатковую перамогу над кадравай нястачай мінімум на 2013 год і тое пры ўмове стабільнасці “адтоку” кадраў з сістэмы.

А між тым страты “у жывой сіле” не перастаюць ўражваць. Толькі па натуральных прычынах (на пенсію ці ў лепшы свет) штогод з сістэмы сыходзіць каля 800 чалавек, а агульная колькасць “зняўшых белы халат” сягае больш за 3,5 тысячы. Прычыны вядомыя ўсім – па дадзеных апытання Мінздрава, больш за 40% спецыялістаў называюць нізкія заробкі, а каля 10% -- шкодныя ўмовы працы разам з немагчымасцю самарэалізацыі. Варта адзначыць, што больш за 60% гэтых людзей знаходзяцца ў найпрацаздольнейшым узросце (да 40 год). Акрамя таго, ад 20 да 32% маладых спецыялістаў звальняюцца з месца размеркавання пасля яго адпрацоўкі, пераязджаючы ў абласныя гарады, сталіцу ці таксама сыходзячы з медыцыны. Эканамічныя катастрофы апошняга часу абвастрылі праблему эміграцыі лекараў – тэма ад’езда (часовага ці на ПМЖ) трывала ўвайшла ў прафесійны дыскурс. На жаль, сярод малаверагодных гісторыяў сыходу за мяжу (кшталту адначасовага ад’езду ўсяго персаналу кабінета магнітна-рэзананснай тамаграфіі з Магілёва ў Самару) усё часцей трапляюцца рэальныя факты. Карыстаецца папулярнасцю далёкая Ангола, а таксама бліжэйшыя Германія, Чэхія, Польшчу і, вядома ж, Расія. Дарэчы ў нашых усходніх суседзяў якраз абвешчана глабальная праграма мадэрнізацыя ўстановаў аховы здароў’я, актыўна будуюцца новыя клінічныя цэнтры, таму кваліфікаваныя кадры запатрабаваныя як ніколі. Між тым, для вышэйшага кіраўніцтва галіны яшчэ нядаўна праблемы эміграцыі не існавала – год таму міністр Жарко казаў пра прыкладна 60-70 спецыялістаў, якія пакідаюць Беларусі, што, вядома, істотна на сітуацыю не ўплывае. Па выніках крызіснага 2011 года варта чакаць уздыму эміграцыі, але ён прадказальна не будзе зафіксаваны – пры звальненні з беларускіх паліклінік і бальніц вельмі мала хто з калег афішуе свае планы па ад’ездзе за мяжу. Да таго ж з Усходу, куды найбольш сплываюць нашы медработнікі, мяжы ўвогуле няма.

За кошт чаго ж плануецца ліквідаваць кадравы дэфіцыт да канца году, як проста не заўважаць яго. Метады, як водзіцца, трывіяльныя – выпусціць яшчэ больш лекараў, (набор у медВНУ планамерна павышаўся з 2006 года), а потым іх размеркаваць. Варта адзначыць, што ўжо зараз па фармальнай забяспечанасці лекарамі Беларусь выглядае лепш за Еўрасаюз , а па выпуску медсясцёр яго пераўзыходзіць. Акрамя павялічанага выпуску медработнікаў мы адрозніваемся надзвычайна хуткай сістэмай іх падрыхтоўкі –паслядыпломная стажыроўка па любой спецыяльнасці ў нас займае аднолькава год. Год адстажыраваўся – і ты спецыяліст любой ступені “вузкасці”, адпаведна той сферы, куды цябе размеркавалі – тэрапеўт, афтальмолаг, ці, нават, нейрахірург. Для прыкладу, у ЗША, каб стацца афтальмолагам трэба прайсці стажыроўку па тэрапіі (мінімум 3 гады), а потым па афтальмалогіі (таксама мінімум 3 гады). У Германіі на тое ж сыдзе мінімум 5 год. Пры ўсёй павазе да калег, на ўласным прыкладзе магу сказаць, што за год спецыялістам не стаць, як не старайся. Тым не менш на паперы штатная адзінка занятая – ёсць што электарату прад’явіць, а якасць паслуг паспалітаму чалавеку ацаніць цяжка. Маральна гэта сітуацыя пераклікаецца з выказваннямі кшталту – паедзеш на раён, будзеш там адзін – усяму навучышся. Так яно так, але хто лічыць недалечаных людзей на якіх “трэніруецца” новаспечаны (хоць сабе і добрасумленны) доктар. З той жа оперы і прысваенне кваліфікацыйных катэгорыяў. Так у мінулым годзе выйшла Пастанова Мінздрава, якая скараціла патрабаванні да стажу, неабходнага для атрымання катэгорыяў. Цяпер ужо праз 8 год працы і невялікім жаданні спецыяліст можа атрымаць вышэйшую катэгорыю. То бок – 8 год працы і фармальна ты – Сэнсэй. Для прафесійнай супольнасці гэта станоўчы факт (за катэгорыі прадугледжаны даплаты), але ж усе разумеюць справядлівасць закона Эрыксана пра тое што сапраўдным профі можна стацца толькі праз 10000 гадзін заняткаў сваёй прафесіяй, што звычайна займае не менш як 10 год. Але як і ў сітуацыі са стажыроўкамі выпускнікоў – электарату і тут ёсць што прад’явіць і сябе ёсць чым супакоіць.

Падмуркам кадравай палітыкі з’яўляецца ўжо згаданая галіновая праграма “Кадры на 2011-2015 гады”. Як у многіх іншых дакументах такога кшталту прэамбула яе поўніцца правільнымі словамі пра тое што “Эффективность работы системы здравоохранения зависит от уровня подготовки работников, рационального использования кадров и мотивации их к работе”. Але далей па тэксце ў асноўным агульныя фразы пераважна на тэму “рационального использования кадров”, чым “мотивации их к работе”. Апошняму пункту прысвечана хіба што параграф пра удасканаленне работы з маладымі спецыялістамі і замацаванне моладзі на сяле, дзе адзначана неабходнасць прадастаўлення жытла і ўсталявання надбавак да заработнай платы шляхам больш эфектыўнага выкарыстання фондаў падтрымкі маладых спецыялістаў на месцах. Пра эфектыўнасць цяперашняй работы сведчыць ужо адзначаны адток траціны маладых лекараў з месца размеркавання. З другога боку, адмыслова адзначана, што адпаведныя меры садзейнічалі скарачэнню патрэбаў у спецыялістах у раёнах, пацярпелых ад аварыі на ЧАЭС на 15% з 2008 года.

Утрымлівае Праграма і іншае рацыянальнае зерне. Напрыклад падкрэсліваецца неабходнасць забяспечыць доступ медработнікаў да сучасных дасягненняў медыцыны праз прымяненне тэлекамунікацыйных тэхналогій, а таксама развіццё сістэмы страхавання прафесійнай памылкі і асабістага страхавання жыцця і здароўя ад прафесійных рызыкаў. Дарэчы, работа па тэхналогіях і страхаванні была запланавана на 2011 год, але пакуль што дачакаліся толькі заяваў Мінздрава пра неабходнасць страхаваць жыццё і здароўе медыкаў пры выкананні імі прафесійных абавязкаў. Зрэшты, усе эксперты сыходзяцца на думцы, што гэта “казка” не хутка “станет былью” праз банальны недахоп сродкаў. Зрэшты, па той жа прычыне можна не спадзявацца на хуткае з’яўленне службовага Інтэрнэту ва ўсіх (хаця б сталічных) ардынатарскіх.

Мала месца ў дакуменце нададзена адукацыі. Дакладней, усё што аддадзена належыць нацыянальным структурам паслядыпломнай падрыхтоўкі. Не гучыць у дакуменце неабходнасць спрыяць самаадукацыі лекараў, іх стажыроўкам за мяжой і кантактам з калегамі, без чаго немагчымая сучасная медыцына. Таму і на практыцы кантакты з замежжам вельмі абмежаваныя, часам амаль засакрэчаныя, інфармацыю пра такія магчымасці ў адкрытым доступе не знайсці. Для тых хто знайшоў стажыроўку самастойна прасцей паехаць туды ў свой адпачынак, бо інакш давядзецца прасіць дазволу ў Міністэрства на выезд і пісаць падрабязныя справаздачы за кожны дзень навучання. У выніку нават сярод лекараў рэспубліканскіх цэнтраў адносна невялікі працэнт бачылі нейкую яшчэ медыцыну апрача беларускай, што не замінае нязменна пісаць пра “найвышэйшы узровень падрыхтоўкі нашых спецыялістаў”.

З адмысловых цікавостак Праграмы варта адзнакі прапісаная неабходнасць удасканалення форм і метадаў ідэалагічнай работы з кадрамі, а таксама арганізацыі інфармацыйнай работы па выкананні антыкарупцыйнага заканадаўства і недапушчэнні злачынстваў падобнага кшталту. Вось, аказваецца, што трэба беларускаму лекару для шчасця. Амаль як у Холмса ў класічным кіно “Сабака Баскервіляў”: “кусок хлеба, чистый воротничок, что ещё человеку нужно?”. Хіба што чыстыя рукі і высокі ўзровень ўсведамлення “особенностей белорусского пути общественного развития”.

Увогуле, дакумент прасякнуты абстрактным духам канструктывізму, быццам бы не пра людзей вядзецца, а пра рацыянальнае выкарыстанне слясарнага інструмента, што не дзіўна ў “дзяржаве для народа”, а не для чалавека. Адпаведна самому духу выказванняў пра еўрапейскую медыцыну з еўрапейскага ўзроўню абсталяваннем, дзе роля медработніка зведзена да абслугоўваючага (тэхніку і кліентуру) персаналу. Простая ісціна пра матывацыю абслугі да абслугоўвання ў галовы профільных чыноўнікаў прабіваецца рэдка.

Калі ж браць самы зразумелую сістэму матывацыі – матэрыяльную, то тут мы таксама не шукаем лёгкіх шляхоў, а вагаемся адпаведна генеральнай лініі і рашэнняў Усебеларускіх народных сходаў. Логіка простая – традыцыйна заробкі ў ахове здароўя на траціну менш чым у прамысловасці, і пры гэтым конкурс у медычныя ВНУ крытычна не зніжаецца, нягледзячы на рост колькасці месцаў. Як кажуць – “Если не видно разницы – зачем платить больше” – сістэма працуе ж і так, а ейныя “вінцікі” не разу і не паспрабавалі “зарыпець” хоць ценем публічнай незадаволенасці. Да таго ж такая практыка цалкам у парадыгме святой савецкай медыцыны дзе заробкі заўсёды былі даволі сціплымі.

На гэтую тэму цікавыя звесткі прыводзіць украінскі даследчык В. Самаходскі, які піша што за увесь савецкі перыяд так і не былі вывучаныя працоўныя затраты медработнікаў і таму можна сабе ўявіць, што сума заробку з’явілася ў выніку дзялення нейкай бюджэтнай квоты, зарэзерваванай па астаткавым прынцыпе на колькасць лекарскіх ставак у краіне [1]. Так, напрыклад, пасля грашовай рэформы 1961 года, зарплата лекара ў СССР складала 72 руб. 50 кап., а рабочага – 89 руб. 90 кап. [2], што не ўплывала на прэстыж прафесіі. Але не варта забываць, што ў тыя часы сацыяльны статус вызначаўся не грашыма, якія часта не было куды патраціць, а пэўнымі ільготамі (лекарам па-за чаргой ставілі тэлефоны і часам давалі кватэры), а таксама колам знаёмстваў (сацыяльным капіталам), якім медработнікі валодалі больш чым хто. Акрамя гэтага, у грамадстве культывавалася павага да лекараў і настаўнікаў, як найбольш зразумелых простаму чалавеку прадстаўнікоў інтэлігенцыі. У эпоху ж “рынкавага сацыялізму” важнасць сацыяльнага капіталу істотна размылася, медработнікі ў сваім сацыяльным статусе свядома былі зведзены да абслугоўваючага персаналу, таму на авансцэну вызначальнікаў прадказальна выйшлі грошы. З разумення неабходнасці матэрыяльнай стымуляцыі была вынайдзена формула, агучаная Лукашэнкам: “Высококвалифицированную помощь оказываешь – будешь тысячи долларов получать, а если ты только с фонендоскопом ходишь с утра до вечера, то такая и зарплата”[3]. Узгаданыя дыферэнцаваныя даплаты ў памеры да 250% ад акладу за выкананне складаных высокатэхналагічных аперацый былі ўведзеныя ў 2006 годзе і закранулі толькі каля 8% спецыялістаў (каля 3 тысяч з 40), але актыўна падносілася дзяржСМІ, як павышэнне заробкаў усім лекарам наагул. Акрамя піяру ў павышэння была яшчэ і разумная мэта – зацікавіць персанал вядучых лячэбных установаў краіны, якія акрамя ўсяго ажыццяўляюць экспарт паслуг. У 2009 годзе спіс умяшальніцтваў быў скарочаны, але зараз многія са згаданых 8% узгадваюць перыяд з 2006 па 2011 як “залаты час”, калі ўдалося пажыць на заробак больш за 1000 USD на месяц. З гэтага году да “высокатэхналагічных” лекараў дадаліся і медсёстры, якія занятыя на пэўных складаных аперацыях і інтэнсіўнай тэрапіи пасля іх, але памер павышэння акладу несувымерна ніжэй – да 160%. Залішне казаць, што мінулагодняя дэвальвацыя прайшлася напалмам па ўсіх айчынных заробках у нацвалюце, спаліўшы ў дым усе тысячадаляравыя прыбыткі. Максімум на што могуць разлічваць зараз вядучыя хірургі, занятыя ў транспланталогіі і кардыяхірургіі з улікам студзеньскага павышэння тарыфнай стаўкі першага разраду на 32% -- гэта 5,7 млн (650 USD), а медсёстры за “высокія тэхналогіі” не атрымаюць больш за 2,9 млн. Яшчэ раз нагадаю, што такіх “шчаслівых” не так ужо і шмат і асноўная маса лекараў атрымае аклады, павышаныя аж да 2,2 млн у хірургаў і да 1,75 у тэрапеўтаў. Калі ўзяць 1,5 стаўкі з начнымі дзяжурствамі акурат выйдзе сярэдні па краіне заробак у 2,88 млн, а можа, нават, і болей. Таксама паказальна, што пасля апошняга павышэння заробкі лекара-пачаткоўца амаль зраўняліся з заробкамі санітаркі, што выдатна ілюструе стаўленне сістэмы для сваіх новых супрацоўнікаў.

Перспектывы малююцца самыя ружовыя – вось і глава Нацбанка Ермакова не выключае росту заробкаў назад да фетышных 500 USD, але толькі “калі гэтыя грошы будуць заробленыя”. Як можа дадаткова зарабіць напрыклад анэстэзіёлаг у дзяржаўнай клініцы? Хіба дамовіцца з хірургам і прадаць палову печані ад пацыента, які спіць у наркозе? Ермакова праўда анансавала павышэнне заробку, прапісанае ў бюджэце, але намеры памераў так і не прагучалі. Сталічныя, напрыклад, улады плануюць павялічыць заробак бюджэтнікам у 1,68 разы ў параўнанні з мінулым годам. Вядома што гэта ў рублях і не “пакрые” катастрафічнага зніжэння, але таксама прыемна. Ёсць старая прымаўка: “Доктор сыт – больному легче”. Спадзяемся што ў бягучым годзе нашым пацыентам будзе лягчэй чым у мінулым.

--------------------------

[1] В. Н. Самоходский Заработная плата в здравоохранении. http://www.medicusamicus.com/index.php?action=5x188-23-26-32x1

[2] Значение слова “СССР. Благосостояние народа” в Большой Советской  Энциклопедии http://bse.sci-lib.com/article106996.html

[3] В формате откровенности. Пресс-конференция Президента А.Г.Лукашенко российским средствам массовой информации. http://pda.sb.by/post/formate_otkrovennosti/
Обсудить в чате
Если вы заметили ошибку в тексте новости, пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter

Конвертер