Общество

Ці патрэбен Беларусі ўрад у выгнанні

24 марта 2012, 16:00
469
Общество Салiдарнасць
0

Прадстаўнікі беларускай інтэлігенцыі патлумачылі, чаму лічаць немэтазгодным стварэнне ў замежжы дадатковай «урадавай» структуры, і нагадалі аб сучаснай ролі Рады Беларускай Народнай Рэспублікі.

Пад лістом падпісаліся 33 асобы. Сярод іх — пісьменнікі, палітыкі, навукоўцы і мастакі. Прыводзім зварот цалкам.

У сродках масавай інфармацыі з'явіліся каментары замежных палітыкаў з прапановай стварыць беларускі ўрад у выгнанні, які прадстаўляў бы і адстойваў нацыянальныя інтарэсы Рэспублікі Беларусь за мяжой па-за афіцыйнымі структурамі рэжыма, якія нацыянальных інтарэсаў не прадстаўляюць і не адстойваюць.

Прызнаючы права любога грамадзяніна любой дзяржавы мець сваё меркаванне адносна ўсяго, што адбываецца ў Беларусі, мы таксама маем сваё меркаванне адносна падобных заклікаў. Замежная ініцыятыва ў гэткім важным і цалкам беларускім пытанні ставіць пад сумнеў здольнасць беларусаў самім вызначыцца ва ўласным лёсе. Сітуацыя ў Беларусі напружаная, канфліктая, але яна павінна быць вырашаная ўнутры краіны.

Што да замежнага прадстаўніцтва нацыянальных інтарэсаў Беларусі па-за афіцыйнымі структурамі, дык такое прадстаўніцтва ёсць: Рада Беларускай Народнай Рэспублікі. У легітымнасці гэтага прадстаўніцтва, калі не ў фармальнай, дык у гістарычнай і маральнай, не можа быць сумневу. Гэта ўрад абвешчанай яшчэ ў 1918 годзе Беларускай Народнай Рэспублікі, прадстаўнікі якой ва ўсе часы самаахвярна змагаліся менавіта за нацыянальныя інтарэсы Беларусі. Найперш, за свабоду, незалежнасць, дэмакрытыю. Многім з іх гэта абыйшлося найбольшым коштам. Жыццём.

Сённяшнія сябры Рады БНР, не ўцягнутыя ў паўсядзённыя, у тым ліку ва ўнутрыапазіцыйныя высвятленні адносінаў, адстойваюць менавіта агульнабеларускія інтарэсы і з'яўляюцца, як і іх папярэднікі, годнымі прадстаўнікамі беларускіх демакратычных сіл і грамадзянскай супольнасці за межамі краіны. Таму лічым мэтазгодным не стварэнне ў замежжы дадатковай «урадавай» структуры, ад пачатку сумнеўнай у яе легітымнасці, а спрыянне ў адстойванні нацыянальных інтарэсаў Беларусі Радзе БНР.

Уладзімір Арлоў, пісьменнік, лаўрэат прэміі «Паэт Свабоды»

Рыгор Барадулін, народны паэт Беларусі

Лявон Баршчэўскі, кандыдат фiлалагiчных навук

Генадзь Бураўкін, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі, паэт

Анатоль Вярцінскі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі, паэт

Аляксандр Вайтовіч, акадэмiк

Ніл Гілевіч, народны паэт Беларусі, прафесар

Радзім Гарэцкі, акадэмiк

Анатоль Грыцкевіч, доктар гістарычных навук, прафесар

Генадзь Грушавы, доктар філасофскіх навук, прафесар

Віктар Дашук, кінарэжысёр, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі, народны артыст СССР i Беларусi

Сяргей Законнікаў, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі, паэт

Вольга Іпатава, пісьменніца

Віктар Казько, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі, пісьменнік

Уладзімір Колас, педагог, кiнарэжысёр

Аляксей Кароль, кандыдат гістарычных навук

Аляксандр Краўцэвіч, доктар гістарычных навук, прафесар

Мікола Купава, мастак

Валерый Мазынскі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі, рэжысёр

Аляксей Марачкін, мастак

Уладзімір Мацкевіч

Аляксандр Мілінкевіч, кандыдат фізіка-матэматычных навук, лаўрэат прэмii iмя А.Дз. Сахарава, старшыня руха «За свабоду»

Уладзімір Някляеў, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі, паэт, лідэр грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду»

Анастасія Палажанка, намеснік старшыні «Маладога фронта», лаўрэат міжнароднай прэміі «За мужнасць», лаўрэат прэміі «Надзея» імя Святланы Навумавай

Уладзімір Падгол, кандыдат філасофскіх навук

Таццяна Процька, кандыдат філасофскіх навук, гісторык

Пятро Садоўскі, кандыдат фiлалагiчных навук

Генадзь Сагановіч, доктар гістарычных навук

Павал Севярынец, старшыня Беларускай хрысціянска-дэмакратычнай партыі

Александр Смалянчук, доктар гістарычных навук, прафесар

Анатоль Сідарэвіч, гісторык

Алексей Янукевіч, старшыня партыі БНФ

Язэп Янушкевіч, кандыдат філалагічных навук

Обсудить в чате
Если вы заметили ошибку в тексте новости, пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter

Конвертер