Общество

ЛДПБ і мова

21 ноября 2012, 11:11
492
Общество Радио Рация
0

Ліберальна-дэмакратычная партыя Беларусі выступіла з даволі нечаканай прапановай. Кіраўніцтва партыі настойвае на прыняцці закона, які абавязаў бы кожнага чыноўніка валодаць беларускай мовай.

Калі б падобная ініцыятыва выйшла ад Партыі БНФ ці БХД, то не было б у гэтым нічога дзіўнага. Аднак з прапановай падвысіць статус беларускай мовы выступіла наскрозь рускамоўная Ліберальна-дэмакратычная партыя на чале са сваім рускамоўным лідарам Сяргеем Гайдукевічам. Адкуль такая ініцыятыва? Што падштурхнула партыю заняцца моўным пытаннем - не цямлю. Тым не менш адпаведная заява была прынятая Вышэйшай Радай Цэнтральнага камітэта Ліберальна-дэмакратычнай партыі. Па словах лідара партыі Сяргея Гайдукевіча, - "не ведаючы дзяржаўнай мовы, пры тым мовы тытульнай нацыі, беларус не павінен мець права паступаць на дзяржаўную службу. Я не кажу, што ўсе павінны адразу загаварыць на беларускай мове, але чыноўнікі гэта зрабіць абавязаныя", - перакананы лідар ЛДПБ. Ён звязвае партыйную ініцыятыву з ажыўленнем дыскусіяў вакол суверэнітэту краіны. У заяве ЛДПБ адзначаецца, што на працягу ўсёй сваёй дзейнасці ЛДПБ "усімі даступнымі сродкамі садзейнічала ўмацаванню суверэнітэту" Беларусі. "Суверэнітэт - гэта святое для кожнага грамадзяніна... Прыйшоў час звярнуцца да ўсіх і сказаць: галоўная складаючая суверэнітэту любой дзяржавы і адзіная для ўсіх дзяржаўная ідэалогія толькі адна - гэта развіццё і ўмацаванне роднай мовы". "Пра які суверэнітэт можна гаварыць, калі дзяржаўныя чыноўнікі не размаўляюць на роднай мове?" - кажа Гайдукевіч. "Мы адзіная дзяржава ў свеце, дзе дзяржаўныя служачыя дрэнна альбо зусім не ведаюць родную мову", - канстатуе кіраўнік партыі. Неабходна тэрмінова прыняць закон, у якім выразна і ясна пастанавіць - калі ты служачы дзяржаўных органаў (Савет міністраў, Адміністрацыя прэзідэнта, аблвыканкама, гарвыканкама, адміністрацыя раёна і іншыя), ты павінен ведаць і ўмець карыстацца беларускай мовай". Такім чынам "мы замацуем суверэнітэт нашай дзяржавы на стагоддзі", "вось падмурак, без якога не можа быць сапраўднага суверэнітэту". Ён параўноўвае сітуацыю з суседняй Украінай, дзе ўсе размаўляюць па-ўкраінску і мова аб'ядноўвае нацыю. Паводле яго меркавання, іншага шляху ўмацавання суверэнітэту няма. "Могуць быць ідэалагічныя рознагалоссі, але без мовы руху наперад не будзе", - падкрэсліў Гайдукевіч. Ён паведаміў, што ЛДПБ мае намер часцей выкарыстоўваць беларускую мову ў партыйных справах, напрыклад, выступаючы з рознымі заявамі. Акрамя таго, свой даклад на чарговым партыйным з'ездзе Гайдукевіч мае намер зрабіць на беларускай мове. Пры гэтым Гайдукевіч адмаўляецца ад усялякага радыкалізму і перахілаў. "ЛДПБ падтрымлівала і будзе падтрымліваць дзве існуючыя дзяржаўныя мовы: беларускую і рускую". "Кожны грамадзянін мае права размаўляць на той мове, на якой хоча, і ніякіх абмежаванняў у гэтым быць не павінна. Але настаў час падтрымаць мову нашых бацькоў".

Сяргей Гайдукевіч прызнаў, што ён ізноў мае намер балатавацца на пасаду прэзідэнта на выбарах 2015 года. "Мы рэалістычна ацэньваем падзеі ў краіне. Падрыхтоўка да выбараў павінна пачацца ў 2013 годзе, інакш усё будзе дарэмна. Трэба пачынаць павялічваць лік сваіх прыхільнікаў, рухацца наперад, ад слоў пераходзіць да спраў, біцца за людзей, займацца рэальнай палітыкай", - падкрэсліў лідар ліберал-дэмакратаў.

Прызнаюся, што цалкам не разумею матываў нечаканай заявы кіраўніцтва ЛДПБ. Гэта тая партыя, якая ў якасці першай паспяшалася прызнаць Абхазію і Паўночную Асецію. Сяргей Гайдукевіч, шматразовы спарынг-партнёр Лукашэнкі на выбарах шматразова выступаў за паглыбленне беларуска-расійскай інтэграцыі і нават за ўвядзенне ў Беларусі расійскага рубля. "Суверэнітэт", "родная мова" ў вуснах кіраўніцтва гэтай партыі - гэта нешта абсалютна нечаканае. Застаецца пачакаць далейшых крокаў.

Пра аўтара: Кастусь Бандарук, былы святар. Працаваў на беларускай "Свабодзе", зараз працуе на "Беларускім Радыё Рацыя".

Подпишитесь на канал EX-PRESS.BY в Telegram и будьте в курсе самых актуальных событий Борисова, Жодино, страны и мира.
Добро пожаловать в реальность!
Если вы заметили ошибку в тексте новости, пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter

Конвертер

ПОСЛЕДНИЕ НОВОСТИ
ВСЕ НОВОСТИ