Што думаюць беларусы пра Дзень яднання народаў Беларусі і Расіі і само яднанне?
Сёння, 2 красавіка, у Дзень яднання Беларусі і Расіі, Аляксандр Лукашэнка заявіў, што «Саюз Беларусі і Расеі стаўся сапраўдным флагманам інтэграцыйных працэсаў на постсавецкай прасторы».
Кіраўнік Беларусі ўпэўнены, што працяг курсу на аб’яднанне дзвюх краінаў спрыяе інтарэсам грамадзянаў Расіі і Беларусі. З ім згаджаецца прэзідэнт Расійскай Федэрацыі Дзмітрый Мядзведзеў і бачыць гарантыю стабільнасці еўрапейскай прасторы ў больш шчыльнай інтэграцыі.
«Белсат» запытаў у брэстаўчан, ці прагнуць яны саюзу так, як кіраўнікі краінаў.
«Нам? Нам ужо нічога не хочацца. Ні яднацца, ні чагосьці там яшчэ. Я нават не ведаю – да чаго нам імкнуцца і што далей рабіць», – поўны фаталізму малады чалавек.
«Ну, да Расіі. Ну як, ужо даўно пры СССР былі аб’яднаныя. Думаю, што нічога дрэннага не было б, калі б гэтыя краіны аб’ядналіся», – кажа чарговы апытаны.
«Я нават не ведаю. Мне падаецца, што ўсе краіны СНД неяк звязаныя. Хто б што ні казаў пра незалежнасць – тонкая ніць сувязі паміж намі ёсць. Таму казаць пра незалежнасць – гэта занадта гучныя словы», – кажа жанчына.
«У Расіі бязладдзе такое, што як сама была, то бачыла, што не вельмі добра ў іх жывецца, дый у нас не лепей. Лепш, каб Беларусь была незалежная, але не з гэтым прэзідэнтам», – кажа студэнтка.
«Вядома, Расія – я быў там шмат разоў, родныя ж браты. Расія мне падабаецца, што заможная краіна, парадку болей, чымся ў Беларусі – наш прэзідэнт шмат абяцае і нічога не робіць», – кажа пажылы мужчына.
Добро пожаловать в реальность!