Спадчына

Чэрнеўка: мястэчка металургаў

Чэрнеўка мае не вельмі доўгую, але досыць насычаную гісторыю.

24 сентября 2014, 16:57
1158
Спадчына EX-PRESS.BY

Чэрнеўка мае не вельмі доўгую, але досыць насычаную гісторыю. Непадалёк ад месца яе ўзнікнення яшчэ ў XVI ст. існаваў Чэрнеў брод праз Бярэзіну. Аднак сама вёска ўпершыню ўзгадваецца толькі ў ХІХ ст. Позняе ўпамінанне не перашкодзіла ёй за кароткі час займець вядомасць на ўсю Расійскаю імперыю. 

Мясціны вакол Чэрнеўкі здаўна былі багатыя не толькі лесам, але і балотнай рудой. Гэты факт выявіла ўрадавая камісія ў 1850 г. і вырашала, што месца ідэальна пасуе да пабудовы металургічнага завода. Уладальнік гэтых земляў генерал-маёр расійскай арміі Лявон Радзівіл не стаў адкладаць справу ў далёкую шуфляду, і ўжо праз чатыры гады завод працаваў. У 1857 г. ім ужо валодаў прадстаўнік царскай фаміліі вялікі князь Мікалай Мікалаевіч. За 1860-я гады вытворчыя магутнасці істотна павялічваліся: вырасла колькасць працоўных (амаль да 500 чалавек), існавалі вялікія тэмпы росту выплаўкі чыгуна (у лепшыя гады – 160 тысяч пудоў), жалеза, сталі. На мяжы 60-70-х ХІХ ст. завод стаў адным з найбуйнейшых не толькі у Беларусі, але і ва ўсёй Расійскай імперыі. Тут сярод іншага вырабляліся і паравыя машыны. На Усерасійскай выставе ў Маскве ў 1870 г. прадукцыя завода была ўдастоена бронзавага медаля. 

У 1878 г. завод стаў дзяржаўным, але пад апекай імперыі ён праіснаваў нядоўга. У 1881 г. завод зачынілі. Мяркуюць, што з прычыны развіцця чыгуначных шляхоў метал стала танней завозіць, чым вырабляць. 

Апошнія вяскоўцы, вядома, што нічога не ведаюць пра металургічны завод. Даволі хутка пасля закрыцця металургічны завод быў разабраны іх прапрадзядамі і магчыма, што падмуркі некаторых чэрнеўскіх дамоў дагэтуль стаяць на чырвоных цаглінах таго прадпрыемства. 

Слава Чэрнеўкі не скончылася на металургічным заводзе. На мяжы ХІХ – ХХ стст. вялікі розгалас у краіне быў пра мясцовых ганчароў: тут, у невялікай вёсцы існавала ажно 15 майстэрняў. На той час Чэрнеўка была тыповым мястэчкам з базарнай плошчай у цэнтры, вакол якой віравала жыццё, і з сінагогай – большасць насельніцтва складалі габрэі.  

Пасля Другой сусветнай вайны Чэрнеўка з габрэйскага шэтла пераўтварылася ў тыповую савецкую вёску, а ўжо ў наш час яна ўсё больш нагадвае дачны пасёлак. Новых пасяленцаў вабяць рыбныя мясціны і багатыя на здабычу лясы. Аднак абсалютнай цішыні тут няма: пастаянна, даволі нізка і шумна (аэрапорт “Мінск-2” не так далёка як здаецца) курсуюць самалёты. 

Пра прамысловую веліч вёскі нагадваюць рэшткі піларамы, аднак у адраджэнне вёскі на зліцці Бабра і Бярэзіны ўжо не верыцца. 

 

Лясніцтва ў Чэрнеўцы Лясніцтва ў Чэрнеўцы

 

Прыватная антытабачная кампанія Прыватная антытабачная кампанія 

Чэрнеўская гаспадарка 

Тут Бобр уліваецца ў БярэзінуТут Бобр уліваецца ў Бярэзіну 

 Рэшткі былой велічы 

Калодзеж у Чэрнеўцы 
Автор: Алесь Лапо, фота аўтара.
Обсудить в чате
Если вы заметили ошибку в тексте новости, пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter

Конвертер