Спадчына

Язэп Адамовіч: апошні беларускамоўны прэм’ер

У Барысаве ў гонар беларускага нацыянал-бальшавіка названа адна з вуліц

13 октября 2014, 17:01
1222
Спадчына EX-PRESS.BY
0

Маладосць Язэпа прыйшлася на галавакружны час войнаў і рэвалюцый, якія высунулі сына барысаўскага працоўнага, выпускніка двух класаў гарадскога вучылішча ў лідары маладой беларускай дзяржавы.

Язэп нарадзіўся ў Барысаве 7 студзеня 1897 г. Рос у працоўным асяродку і зараджаўся яго энергетыкай: яго дзяцінства прыйшлося на час рэвалюцыйных хваляванняў 1905-1907 гг., якія моцна ўскалыхнулі ў тым ліку і прамысловы Барысаў. З 12 гадоў ён пачаў працаваць на фабрыках горада, на адукацыю часу не заставалася – скончыў толькі два класы барысаўскага вучылішча. Бацькі меркавалі, што гэтага будзе дастаткова для бязбеднага жыцця сына. Аднак гісторыя зрабіла круты віраж, які карэнным чынам змяніў лёс Язэпа, Расійская імперыі і ўсяго сусвету.

Яго зорны час пачынаецца яшчэ ў расійскім войску, куды ён быў мабілізаваны ў сувязі з пачаткам Першай сусветнай вайны. З вайны ён выйшаў вопытным рэвалюцыянерам-прапагандыстам, кавалерам трох георгіеўскіх крыжоў і старэйшым унтэр-афіцэрам. Летам 1917 г. лёс вяртае Язэпа ў родны Барысаў: тут ён служыць у 121-м пяхотным полке, дзе знаёміцца з будучым кіраўніком БССР Аляксандрам Мяснікянам і іншымі рэвалюцыянерамі. З восені 1917 г. Язэп Адамовіч – сакратар Барысаўскага павятовага савета, з лютага наступнага года – арганізатар і кіраўнік атрада, на чале якога змагаўся супраць нямецкіх інтэрвентаў пад Барысавым і Магілёвам. У наступныя гады Язэп зрабіў унушальную вайсковую кар’еру ў шэрагах Чырвонай Арміі. З утварэннем БССР увайшоў ва ўрад рэспублікі, стаў наркамам па ваенным справам, пазней – наркамам унутраных спраў.

Ён зрабіў значны ўклад ва ўзбуйненне тэрыторыі БССР у 1924 годзе, і гэта работа была адзначана прызначэннем на пасаду прэм’ера краіны. 13 сакавіка 1924 г. адбылося ўзбуйненне, а ўжо праз 4 дні 27-гадовы Язэп Адамовіч стаў кіраўніком Савета Народных Камісараў БССР. Новы прэм’ер карыстаўся беларускай мовай, быў апантаным прыхільнікам і адным з ініцыятараў палітыкі беларусізацыі.

Аднак на пасадзе прэм’ера Адамовіч затрымаўся толькі да 1927 г., пазней яго перавялі на работу ў Савецкую Расію. Ужо здавалася, што першая хваля бальшавіцкіх рэпрэсій абміне Язэпа, аднак у 1932 г. яго без тлумачэнняў прычын здымаюць з кіроўных пасад і прызначаюць спачатку начальнікам будаўніцтва цукровага завода на Далёкім Усходзе, а пазней – кіраўніком рыбапрамысловага акцыянернага таварыства. Язэп разумеў, што другую хвалю рэпрэсій яму не перажыць – застрэліўся 22 красавіка 1937 г. у цягніку Владзівасток-Масква.

У Барысаве ў гонар беларускага нацыянал-бальшавіка названа адна з вуліц, а ў мясцовым краязнаўчым музеі яму прысвечаны асобны стэнд.

Алесь Лапо.
Обсудить в чате
Если вы заметили ошибку в тексте новости, пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter

Конвертер

Загрузка...