Спадчына

Чыгуначны Барысаў

У далёкім 1871 г. праз Барысаў прайшла галоўная чыгуначная магістраль краіны – Маскоўска-Брэсцкая чыгунка

04 декабря 2014, 18:44
1447
Спадчына EX-PRESS.BY
0

Не сакрэт, што сваім статусам аднаго з буйнейшых гарадоў Беларусі Барысаў абавязаны не ў апошнюю чаргу тым фактам, што ў далёкім 1871 г. праз яго прайшла галоўная чыгуначная магістраль краіны – Маскоўска-Брэсцкая чыгунка.

Першая ў Беларусі чыгуначная лінія Гродна-Парэчча была здадзена ў эксплуатацыю ў снежні 1862 г. Некалькі пазней з’явілася чыгунка, што паяднала Віцебск і Бігасава. Аднак вялікага значэнне для развіцця беларускай гаспадаркі і фармавання агульнанацыянальнага рынку гэтыя лініі не гралі. Усё змянілася ў 1871 г. з уводам у эксплуатацыі Маскоўска-Брэсцкай чыгункі, якая стала стрыжнем будучай Беларускай чыгункі і на доўгія стагоддзі звязала Заходнюю Еўропу з цэнтральнай Расіяй.

Пачатковыя планы чыгуначнага маршрута, які злучыў бы Брэст і Маскву, абміналі Барысаў: цягнікі з Мінска мусілі кіравацца адразу ў бок Магілёва (па плану 1866 г.), ці з Брэста – у бок Бабруйска (па плану 1867 г.). Але насуперак меркаванню большасці чальцоў камітэта чыгуначных дарог, імператар Аляксандр ІІ у 1868 г. зацвердзіў мінскі накірунак будучай чыгункі. Пра шлях праз Барысаў рашэнне прымалася яшчэ пазней, аднак тут ужо пэўна сыграла сваю ролю сямейная зацікаўленасць: князь Мікалай Мікалаевіч валодаў Барысаўскім маёнткам (так званай “Барысаўшчынай”) з цэнтрам у Стара-Барысаве.

Будаўніцтва чыгункі ішло імклівымі тэмпамі: рашэнне пра новую магістраль было канчаткова прынята ў снежні 1869 г., а ў верасні 1870 г. участак Масква-Смаленск ужо эксплуатаваўся. 29 лістапада 1871 г. цягнікі ўжо курсавалі ад Масквы да Варшавы – хоць планавалася здаць гэтую лінію толькі ў 1873 г. У 1879 г. на ўчастку Смаленск-Брэст быў адкрыты другі пуць.

Будынак барысаўскага чыгуначнага вакзала было вырашана пабудаваць за 3 кіламетра ад горада, на правабярэжжы Бярэзіны. Тут узнік 2-павярховы драўляны вакзальны будынак і невялікі пасёлак для чыгуначных служачых. У горад ад станцыі быў пракладзены тракт. Прабярэжжа хуткімі тэмпамі абрастала ўсё новымі пабудовамі: яно фактычна стала прамысловым дадаткам да гістарычнага горада. Хутка тут з’явіўся лесапільны завод князя Мікалая Мікалаевіча, папяровая, тытунёвая і запалкавая фабрыка, шкляная гута і завод па вытворчасці лаку і палітуры. У 1887 г. тут адкрыўся адзіны ў Беларусі шпаланасычальны завод, які дзейнічае і сёння. Да 1910 г. у Барысаве ўжо працавала 32 завода і фабрыкі, і абсалютная большасць знаходзілася на правабярэжжы.

Правабярэжны раён горада атрымаў назву Нова-Барысава і паступова пачаў абрастаць і жылымі дамамі. У 1875 г. непадалёк ад вакзала пабудаваў прыгожы драўляны дом і разбіў парк барысаўскі памешчык Хрысанф Каладзееў.

У 1903 г., згодна з новай гарадской планіроўкай, зацверджанай за 3 гады да таго, у Барысаве з’явіўся новы вакзал. Мадэрновы мураваны будынак са шматлікімі элементамі архітэктурнага дэкору стаў візітоўкай горада. Тут былі залы чакання, касы, камеры захоўвання для багажу, буфет. Вакзал захаваўся да нашых дзён. Побач з вакзалам знаходзіўся драўляны рэстаран. Па другі бок чыгуначных пуцей узвялі дэпо, якім карысталіся амаль стагоддзе. У гэты ж час быў забрукаваны тракт, што вёў у гістарычны горад. З 1913 г. са станцыю і Барысаў злучыў пастаянны аўтобусны маршрут.

Чыгуначны Барысаў
 

Наступным этапным момантам у жыцці чыгуначнага Барысава з’яўляецца электрафікацыя участка да Мінска, якая была скончана ў 1974 г.

Чыгунка як і 150 год таму працягвае спрыяць развіццю прамысловасці і дабрабыту горада Барысава.
Алесь Лапо.
Обсудить в чате
Если вы заметили ошибку в тексте новости, пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter

Конвертер

Загрузка...