Спадчына

100 гадоў барысаўскага футбола

У ліку першых беларускіх гарадоў, куды прыйшло захапленне футболам, знаходзіцца і Барысаў.

14 декабря 2014, 17:31
1169
Спадчына EX-PRESS.BY
0

Лічыцца, што “гульня мільёнаў” прыйшла ў Беларусь у 1911 г., калі ў Гомелі адбыўся першы футбольны матч. У наступныя гады футбол даволі хутка пашырыўся на вялікія гарады, найперш ў асяродку навучэнцаў і працоўных. У ліку першых беларускіх гарадоў, куды прыйшло захапленне футболам, знаходзіцца і Барысаў.

Першыя крокі

Ініцыятарам правядзення першых футбольных матчаў у Барысаве стаў дырэктар барысаўскай гімназіі і вялікі аматар спартыўных спаборніцтваў П. Іваноў. Напрыканцы 1913 г. пря яго актыўным удзеле ў горадзе прайшла першая футбольная гульня, і яна настолькі палюбілася барысаўцам, што ў наступным годзе гарадскія ўлады дазволілі ўладкаваць футбольнае поле ў жывапіснай мясцовасці “Батарэі” (тут жа знайшлося месца для тэніснага корта і крокернай пляцоўкі). У 1914 г. П. Іваноў стаў арганізатарам утварэння спартыўнага таварыства “Школьны спорт” і правядзення гарадскіх футбольных турніраў з пераходным “Срэбным кубкам”. У спаборніцтвах прымалі ўдзел, як найменш, чатыры каманды: “Гарадская”, “Гімназійная”, “Першая Новабарысаўская”, “Другая Новабарысаўская”. Але вайна і рэвалюцыя ўнеслі свае карэктывы ў развіццё футбола ў Барысаве.

Наступная ўзгадка пра футбольную каманду ў горадзе прыходзіцца толькі на 1922 г., калі адбыўся першы неафіцыйны чэмпіянат Беларусі на футболе. Удзельнічалі ў турніры ўсяго чатыры каманды: Мінск, Барысаў, Бабруйск і Ігумен (цяперашні Чэрвень). Барысаўцы тады сталі трэцімі, аднак штурчок для развіцця футболу ў горадзе быў атрыманы; і ў наступным годзе ў барысаўскім гарадскім турніры ўжо ўдзельнічала 16 каманд, аднак аднавіць зборную каманду для ўдзелу ў міжгарадскіх матчах не выйшла. У 1924 г. барысаўская каманда ізноў стала трэцяй ў рэспубліканскім турніры, і на гэтым яе дасягненні прыпыніліся ажно да пасляваеннага часу.

Другое дыханне

Першы афіцыйны футбольны трафей (Кубак БССР) зборная каманда з Барысава атрымала ў 1948 г., і да 1970-х гг. гэтая ўзнагарода так і заставалася адзінай. У 1973 г. была створана каманда “БАТЭ”. Аднак, у 1970-я камандзе да статуса флагмана беларускага футбола было далёка, нягледзячы на тое, што ў гэты час “БАТЭ” становіцца адной з наймацнейшых каманд у чэмпіянаце БССР.


БАТЭ ў 1974 годзе


Тройчы (1974, 1976, 1979) “БАТЭ” станавілася чэмпіёнам БССР. Аднак тут варта ўлічыць, што наймацнейшая беларуская каманда – мінскае “Дынама” выступала ў чэмпіянаце СССР, у БССР выступаў толькі дубль сталічнай каманды. ФК “БАТЭ” быў расфарміраваны ў 1984 г. і адноўлены толькі ў сярэдзіне 1990-х гг.


БАТЭ ў 1999 годзе

“БАТЭ”: перазагрузка

Пасля абвяшчэння незалежнасці Беларусі, быў адноўлены і клубны футбол у Барысаве. Аднак да 1996 г., калі быў створаны ФК “БАТЭ” пад кіраўніцтвам А. Капскага і Ю. Пунтуса, асаблівых дасягненняў не назіралася. З ходу за першыя два сезоны каманда з трэцяга дывізіёна прабілася ў першы і заняла там другое месца. У 1999 г. барысаўскі клуб ўпершыню атрымаў залатыя медалі чэмпіяната і за наступныя пятнаццаць сезонаў станавіўся чэмпіёнам дзесяць разоў. Апроч таго ФК “БАТЭ” стаў першай ў РБ футбольнай камандай, што дасягнула прызнання на міжнароднай арэне. Ён чатыры разы прабіваўся ў групавы этап Лігі чэмпіёнаў (упершыню ў сезоне 2008/2009 г.) і двойчы даходзіў да 1/16 фінала Кубка УЕФА/Лігі Еўропы (упершыню ў 2010/2011 г.)


БАТЭ ў 2008 годзе

Храналогія барысаўскага футбола:

1913 г. – адбыўся першы футбольны матч у Барысаве.

1914 г. – у Барысаве, на “Батарэях”, было абсталявана футбольнае поле.

1922 г. – каманда г. Барысава заняла трэцяе месца ў першым неафіцыйным чэмпіянаце Беларусі.

1948 г. – зборная г. Барысава атрымала Кубак БССР.

1973 г. – створана футбольная каманда “БАТЭ”.

1974 г. – “БАТЭ” упершыню стаў чэмпіёнам БССР.

1996 г. – адноўлены ФК “БАТЭ”.

1999 г. – “БАТЭ” ўпершыню стаў чэмпіёнам Беларусі.

2008 г. – “БАТЭ” выйшаў у групавы этап Лігі чэмпіёнаў.

2014 г. – адкрыццё “Барысаў-Арэны”.

 

Сімвалічная зборная ФК “БАТЭ” (версія аўтара): Жаўноў – Юрэвіч, Радзькоў, Хагуш – Ліхтаровіч, Ермаковіч, Крывец, Глеб – Брессан, Радзівонаў, Кутузаў.

Алесь Лапо. Фота wikipedia.org, fcbate.by
Обсудить в чате
Если вы заметили ошибку в тексте новости, пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter

Конвертер

Загрузка...