Спорт

5 падарожжаў БАТЭ, якія генеральны сакратар Андрэй Вашкевiч перажыў разам з клубам

Генеральны сакратар ФК БАТЭ Андрэй Вашкевiч выступіў на курсах беларускай мовы «Мова нанова».

29 марта 2018, 11:44
1390
Спорт EX-PRESS.BY
0

Генеральны сакратар ФК БАТЭ Андрэй Вашкевiч завітаў на курсы «Мова нанова», каб распавесці пра працу ў БАТЭ, цяжкасці, связаныя з пералётамі і гульнёй у іншых краінах, а таксама пра тое, як наведаў 157 розных стадыёнаў за апошнія 3 гады.

— Галоўнае маё дасягненне за апошні час — я наведаў 157 розных стадыёнаў з 2015 года, — пачаў размову генеральны сакратар ФК БАТЭ. — Але сёння распавяду, як вандруе лепшы футбольны клуб Беларусі, які 14 разоў станавіўся Чэмпіёнам краіны, 12 з іх запар.

Андрэй адзначыў, што такім дасягненнем зараз не можа пахваліцца ніводны клуб Еўропы з тых, хто працягвае сваю чэмпіёнскую серыю. Таксама БАТЭ з’яўляецца лідарам з усіх беларусікіх клубаў па колькасці гульняў на міжнароднай арэне:

— 144 разы мы згулялі пад эгідай УЕФА, столькі няма нават у «Дынама», калі лічыць усе гульні пад час Савецкага саюза. Усяго ў УЕФА зараз гуляе 54 краіны, мы былі ў 34 з іх. Гэта не наша жаданне, гэта ўсё лёс, які нас пасылае то ў адзін, то ў іншы бок Еўропы. Лёсаванне праходзіць у Ньёне (Швейцарыя) і Манака. Лысыя дзядзькі дастаюць паперкі з шаром, называюць краіну, і мы туды едзем.

5 падарожжаў БАТЭ, якія я перажыў разам з клубам

— Больш за ўсё мы гулялі з іспанскімі клубамі, з 5 рознымі, пры чым з «Барселонай» мы гулялі двойчы. Другое месца дзеляць Расія і Італія, — кажа Андрэй.

Да Іспаніі далёка, таму выступоўца вырашыў расказаць пра матч у сталіцы Паўночнай Ірландыі — горадзе Белфаст.

— Здаецца, там павінна быць сапраўдная цывілізацыя, але, на самай справе, выезд у Белфаст — гэта цяжар. Першая праблема, з якой мы сутыкнуліся, — гэта разеткі. Пра іх ніхто не падумаў, апроч мяне i Рэнана Брэсана, які жыў у Бразіліі доўгі час, ён быў вельмі кемлівы наконт усіх гэтых рэчаў. Усё. У нас было два перахаднікі, і тое адзін забраў Ганчарэнка. Нам было цяжка, нашыя кампы селі. Але самае страшэннае было тое, што калі мы паехалі на трэніроўку, мы сустрэлі парад, — узгадвае Андрэй.

«Ноччу горад пылаў. Мы спалі за 20 кіламетраў, але нічога не чулі»

Андрэй паведаміў, што ў гэтым горадзе дзве трэці жыхароў — пратэстанты, яны за тое, каб заставацца з каралевай Брытаніі, а астатнія — хочуць быць свабоднымі. Дык у той дзень быў парад, на якім адзначалі бойку, калі каталіцкі прадстаўнік англійскай манархіі разбіў пратэстанскі клуб:

— На стадыёне не было праблем, але, калі мы прыехалі ў гасцініцу і ўключылі інтэрнэт, былі вельмі ўражаны. У навінах паказвалі, што паліцэйскія запалілі бензін на запраўцы пад час бунту. Гэта адбывалася ноччу, горад пылаў. Мы спалі за 20 кіламетраў, але нічога не чулі. Хутка ўсё прыбралі, нават не скажаш, што тут нешта гарэла. Ніхто не загінуў. Гэта было ў ноч перад матчам. 

Гуляць было цяжка, негледзячы на тое, што ў іх на варотах прадавец кветак стаяў. Адчувалася нянавісць на расавай падставе, таму было нялёгка. Адзначу, што гэта быў асаблівы выезд, адзін з самых далёкіх.

«Мы добра гулялі, пакуль не прапусцілі гол»

— Калі глядзець па дыстанцыі, тады Ізраіль яшчэ далей за Ірландыю. БАТЭ гуляў у 2012 годзе ў жніўні. Было вельмі спякотна, не магчыма дыхаць, да таго ж яшчэ ў іх вельмі спецыфічны газон... Мы добра гулялі, пакуль не прапусцілі гол. Устаялі 1:1.

Андрэй адзначыў, што камандзе вельмі спадабалася тое, як іх прынімалі:

— Прынімаў нас клуб, які ўпершыню стаў чэмпіёнам. У мэтах бяспекі мы былі ў Тэль-Авіве, бо ўжо тады пачыналася вайна ў Сірыі. Кармілі нас вельмі кашэрна, была добрая вячэра для прадстаўнікоў клуба. Добра бавілі час, але гуляць было вельмі цяжка. У іх спякота вельмі кусачая, нашмат цяжэйшая за нашу, вільготнасць там вельмі вялікая. Увечары +38 градусаў.

«Хтосьці бачыў гейзеры і блакітную лагуну, футбалісты — не»

— Самая заходняя і самая паўночная кропка, у якой мы гулялі, — гэта Рэйк'явік. Для турыстаў, здаецца, што можа быць лепш за гэты горад. Гейзеры, адпачынак. Для футбалістаў — нічога горш не прыдумаць. Адзіны плюс — раней футбалісты Ісландыі гулялі горш, але зараз паступова яны гуляюць усе лепш і лепш. Дарэчы, мы гулялі тры разы ў Ісландыі.

Па-першае, вельмі дарагі рэйс, чартар забірае шмат грошай. Увогуле кошты там дарагія на ўсё, келіх піва каштуе 15 еўра. Па-другое, у нас тут лета, у іх больш за 15 градусаў улетку не будзе, то бок мы з цёплай краіны трапляем ў халоднае надвор’е, дзе дзьмуе моцны вецер. Па-трэцяя, розніца у часе складае 3 гадзіны. Па-чацвёртае, там палярны дзень — сонца свеціць усю ноч, што вельмі не зручна. Плюс да гэтага яшчэ тое, што ляцець трэба пяць гадзін. Калі вы маленькі чалавечак, гэта нічога, але калі вы цэнтральны абаронца ростам 1,95 см, вам будзе вельме не ўтульна. Яшчэ вам трэба ляцець назад тыя ж 5 гадзін. Ніякіх плюсаў рэальна няма. Хтосьці бачыў гейзеры і блакітную лагуну, футбалісты — не, бо яны нікуды не ходзяць і нічога не бачуць.

«Караганда. Усе заходнія эксперты лічуць, што гэта вельмі страшэнная краіна»

— Яшчэ адзін горад, у які лепей ездзіць турыстам — гэта Караганда, там мы былі ў 2013 годзе. Сорам на ўсю Еўропу:знакаміты БАТЭ, які толькі што абыграў Баварыю, прайграў у Карагандзе. Чаму? Усе заходнія эксперты лічуць, што гэта вельмі страшэнная краіна. Яны рэжуць барана ў ахвяру. Ніхто не бачыў, як яны гэта рабілі перад гульнёй, але гэта іх традыцыя, яны ад яе не адступалі, пакуль УЕФА не забараніў. Як вы лічыце, калі вы не паехалі туды і не пракантралявалі, наколькі гэта рэальна прасачыць?

Андрэй кажа, што іх вельмі добра сустракалі. Яны пілі кумыс, ён вельмі спецыфічны, але не кожны зразумее, што гэта. Увогуле жыве там своеасаблівы народ, яны нават не збіраліся касіць газон. Калі дазваляецца вышыня травы не больш за 2,8 см., у іх на поле ён быў усе 5 сантыметраў:

— Мы паскардзіліся дэлегату, ён паглядзеў і сказаў, што трэба касіць. Касілі яны дзве гадзіны… Супернікі вельмі добра адчулі, як нас выйграць. Яны набралі 11 баскетбалістаў, усё рабілі верхам. У іх быў чалавек, які шпуляў аўты ў штрафную без праблем, ад цэнтральнага кола мог прабросіць так, што мяч ляцеў на 50 метраў. Аўты — адна з іх пераваг, якую мы не пралічылі. Вось гэта была самая ўсходняя кропка, дзе мы гулялі.

Самая паўднёвая кропка — Фуншал, да якой яшчэ можна і не даляцець

— Горад знакаміты тым, што там нарадзіўся Крышціяну Раналду, які гуляў за мясцовы клуб. Каб даляцець да яго, трэба было рабіць піт-стоп. Гэта быў адзіны выпадак, калі БАТЭ рабіў піт-стоп за ўсе гады выступу. Фуншал — гэта маленькі востраў, дзе пасадачная паласа ідзе паралельна скалам. Калісьці там былі катастрофы, таму кожны пілот павінен мець сертыфікат, які дазваляе там садзіцца. Перад нашым вылетам туды паляцеў знакаміты Аляксандр Ермаковіч, ён тады дапамагаў Віктару Ганчарэнку, але не даляцеў. Гэта акіян, там бывае дрэннае надвор’е. Ён даляцеў да Мадэйры, зрабіў кола і вярнуўся назад у Лісабон, — узгадвае генеральны сакратар.

«Верш — гэта справа тэхнікі»

На пытанне, як шмат вершаў піша генеральны сакратар, Андрэй Вашкевіч адказаў:

— За тры гады я напісаў тры вершы. Гэта ўсё былі адказы Ігару Случаку. Я лічу, што верш — гэта справа тэхнікі. Для яго напісання трэба валодаць мовай і мець пачуццё гумару. Гэтага дастаткова. Калі ён дасылае свой ліст да вас, ён ставіць вас у не зручнае становішча. Вы можаце даслаць яму сумны адказ: «Мы атрымалі, дзякуй». Ён можа потым выставіць у інтэрнэт гэты адказ і параўнаць яго з адказам за іншыя гады, каб там не было адно і тое ж, вы можаце перавярнуць гэтую сітуацыю на сваю карысць. Я зразумеў, што потым мой адказ пойзде ва ўсе сродкі масавай інфармацыі, таму вырашыў зрабіць тое, што ніхто не рабіў. Першы раз верш напісаў тры гады таму, тады шмат выданняў перадрукавалі яго. Можа, і патрэбна, каб быў адзін такі чалавек, але я рады, што ён такі адзін, калі б прыйшлося пісаць кожны день, было б цяжка.

Пра бонусы для сваіх

— Трэба, каб у Беларусі былі бонусы для беларускамоўных. Вось падаеце на смену пашпарта, запаўняйце бланк на рускай мове, плаціце больш грошай, а запаўняеце на роднай мове – значна менш, для вас будзе такі бонус. Вядома ж, усе ўзгадаюць сваю родную мову, — кажа суразмоўца.

— Моўнае пытанне — яно вельмі складанае. У шатландцаў і ірландцаў ёсць свая ўнікальная старажытная кельцкая мова. Каласальная праблема, калі ў вас на ўсходзе ёсць сусед, у якога моцная эканоміка, сусед, які панаваў на вашай тэрыторыі шмат часу, вельмі цяжка захаваць сваю мову. Баскі, шатландцы таксама амаль згубілі сваю мову. У нас з мовай яшчэ не такое цяжкае становішча, я вось, напрыклад, вучыўся ў беларускамоўнай гімназіі.

Напрыканцы сустрэчы Андрэй распавёў пра сваю працу:

— Найбольшая частка працы — гэта міжнародныя кантакты і тэхнічны бок сайта. Напісання навін на сайт, але ў нас ёсць чалавек, які піша прыкладна 70% навін на сайт. Я перакладаю ўсе кантракты, дамаўляюся з усімі, вяду ўсе кантакты з УЕФА, калі гуляем, я сіжу тры дні з гасцямі на Барысаў-Арэне, сяджу і перакладаю тое, што яны кажуць.

 

Даведка:

Андрэй Вашкевiч, спартыўны журналіст.

У 2007 г. скончыў Мінскі дзяржаўны лінгвістычны ўніверсітэт (спецыяльнасць «лінгвіст, сінхронны перакладчык»).

У 2012 г. атрымаў ступень магістра бізнес-адміністравання са спецыялізацыяй ў футбольнай індустрыі (MBA Degree with Merit) Ліверпульскі ўніверсітэт.

2007–2011 гг. — рэдактар аддзела гандбола газеты «Прессбол».

Май–верасень 2008 г. — прэс-аташэ ХК «Дынама» (Мінск).

З 2009 г. паралельна з працай у «Прессболе» – прэс-сакратар ФК БАТЭ.
C лістапада 2014 г. — генеральны сакратар ФК БАТЭ.

Настасся Аляксандрава.
Обсудить в чате
Если вы заметили ошибку в тексте новости, пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter

Конвертер

Загрузка...